Я зраблю іх адным народам
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан Бог:
Вось Я вазьму сыноў Ізраэля з народаў, між якімі разышліся, і збяру іх адусюль, і прывяду іх да зямлі іх. Я зраблю іх адным народам на зямлі, на гарах Ізраэля, і адзін кароль будзе каралём над імі ўсімі, і яны больш не будуць двума народамі, і больш не будуць падзеленыя на два каралеўствы.
І ўжо не будуць апаганьваць сябе сваімі ідаламі, ні брыдотай сваёй, ні праступкамі сваімі. Я вызвалю іх з усіх іхніх паселішчаў, дзе яны грашылі, і ачышчу іх. Яны будуць Маім народам, а Я буду іх Богам.
Слуга Мой, Давід, будзе каралём над імі, і адзін пастыр будзе мад усімі імі. Яны будуць паступаць паводле Маіх законаў і наказы Мае будуць захоўваць і выконваць. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі вашыя. Там будуць жыць яны і дзеці іхнія, і дзеці дзяцей іх навекі. А Давід, слуга Мой, будзе правадыром іх назаўсёды.
І заключу з імі запавет спакою: гэта будзе вечны запавет з імі. Я ўмацую іх і памножу, і пастаўлю Маю святыню сярод іх навекі. Жыллё Маё будзе сярод іх, Я буду іх Богам, а яны будуць Маім народам. І даведаюцца народы, што Я, Пан, асвячаю Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан зберажэ нас, як свой статак пастыр.
10. Слухайце, народы, слова Пана, *
абвяшчайце на далёкіх выспах і кажыце:
Хто рассеяў Ізраэль, той збярэ яго *
і будзе берагчы яго, як пастух свой статак.
Рэфрэн:
11. Бо Пан адкупіў Якуба, *
уратаваў з рукі мацнейшага, чым ён.
12. І яны прыйдуць і будуць спяваць на вышынях Сіёну, *
і схіляцца да дабротаў Пана.
Рэфрэн:
13. Тады дзяўчына будзе весяліцца ў танцы, *
і юнакі разам са старымі.
Я змяню іх плач на радасць, *
суцешу іх і развесялю пасля смутку.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і стварыце ў сабе новае сэрца і новы дух.
Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго. А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус. Тады першасвятары і фарысеі сабралі Высокую раду і сказалі: Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат цудаў? Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне і знішчаць месца нашае і наш народ. А адзін з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: Вы нічога не разумееце і не думаеце, што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў.
А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно. З гэтага дня вырашылі забіць Яго.
Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у ваколіцы каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.
Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?
А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб можна было схапіць Яго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ