24 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень памяці і малітвы за місіянераў — сведкаў веры і мучанікаў. У гэты дзень узгадваюцца місіянеры, якія загінулі на місіях, а таксама моляцца і захоўваюць пост у інтэнцыі місіянерскай дзейнасці.
Дзень памяці і малітвы за місіянераў быў устаноўлены ў 1993 годзе па прапанове моладзевага руху Папскіх місійных ініцыятыў у Італіі на ўспамін мучаніцкай смерці арцыбіскупа Сан-Сальвадора святога Оскара Арнульфо Рамэра.
24 сакавіка 1980 года іерарх, які супраціўляўся насіллю мясцовага рэжыму, быў застрэлены падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі ў шпітальнай капліцы.
Місіянеры і сёння гінуць ва ўсім свеце. Паводле інфармацыі агенцтва Fides, якую прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у 2020 годзе ва ўсім свеце былі забітыя 20 місіянераў, сярод якіх святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.
24 сакавіка Касцёл заахвочвае да посту і малітвы за тых, хто прыняў мучаніцкую смерць, а таксама за тых, хто працуе на місіях, часта ў небяспечных для жыцця месцах.