Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
«Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх» (Ян 8, 1). Аліўная гара, пра якую ўзгадваецца ў сённяшнім Евангеллі, з часоў Старога Запавету была вядомая як месца асаблівага культу Бога (пар. 2 Сам 15, 30–32). Яна ўзгадваецца ў біблійных кнігах Самуэля, Валадарстваў, прарокаў Эзэхіэля і Захарыі.
Паводле прарока Захарыі (пар. Зах 14, 4), Бог (гэта значыць Езус Хрыстус) з’явіцца ў апошнія дні менавіта на гэтай гары, каб здзейсніць суд над людзьмі (Дз 17, 31; пар. Дз 24, 2–5; 1 П 4, 5; Гбр 6, 2).
У сённяшнім Евангеллі гэтая акалічнасць, калі Езус прыходзіць у святыню з Аліўнай гары, мае асаблівае значэнне, як і сцвярджэнне, што кожны сапраўдны і справядлівы суд належыць выключна Яму.
Чалавечы суд і чалавечае суджэнне часам вельмі далёкія ад Божай справядлівасці і логікі. Мы бачым гэта, калі чуем, як «прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» (Ян 8, 3–5).
Сутнасць сённяшняй евангельскай падзеі — у добра спланаванай пастцы для Езуса. Жанчыну, злоўленую пры здзяйсненні акту чужаложства, вядуць на паказ. Як жа Езус параіць абыйсціся з ёю?..
Закон загадвае забіць яе камянямі. Слова «чужаложства» дае нам зразумець, што гэта замужняя жанчына. Другазаконне (пар. Дрг 22, 22) заклікае да смяротнага пакарання і жанчыны, і мужчыны, калі іх заспелі падчас чужаложства, хоць і не паказвае, якім менавіта спосабам варта выканаць пакаранне. Злачынства было відавочным. Доказам граху жанчыны з’яўляюцца сведчанні відавочцаў. Як жа цяпер паступіць Езус?
Гэтая пастка добра прадумана. Калі Езус выступіць супраць забіцця камянямі, гэта яшчэ раз пацвердзіць нараканні ўладаў, што Ён грэбуе законам і не выконвае яго, як паказаў ужо гэта праз сваё стаўленне да закону суботы. І, калі гэта адбудзецца зноў, значыць Ён — самазванец і ерэтык, а нападкі на Яго абгрунтаваныя. З іншага боку, Яго спачуванне да прыгнечаных і непакорлівых шырока вядома ў народзе, і калі Ён вырашыць судзіць строга па закону, то гэта выкліча недавер да Яго з боку простага люду.
У гэтым плане быў яшчэ адзін выкрут. Калі б Езус вырашыў паступіць паводле юдэйскага закону і заклікаў бы да выканання пакарання, то гэта абрынула б на Яго гнеў рымскіх уладаў, якія рупліва захоўвалі за сабой права судзіць і выконваць прысуды.
Рэакцыя Езуса вартая асаблівай увагі, хоць узнікаюць цяжкасці з яе тлумачэннем.
Ён нічога не адказаў, але, «схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі» (Ян 8, 6).
Адносна таго, што Есус мог пісаць «пальцам па зямлі», вылучалася шмат дасціпных здагадак.
Несумненна, гэта незвычайны жэст, які надаў моманту яшчэ большую напружанасць. Варта ўспомніць, што Езус неаднаразова выкарыстоўваў вобраз «пальца Божага» (пар. Лк 11, 20) для ўказання на сваё выкананне Божай волі. Менавіта «пальцам Божым» быў напісаны закон на каменных скрыжалях на гары Сінай (пар. Зых 32, 16).
Але, што б ні азначаў гэты жэст, словы Езуса, сказаныя пасля гэтага, цалкам зразумелыя: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень» (Ян 8, 7).
Словы Езуса — гэта добры прыклад дзівоснай мудрасці, з якой Ён ўспрымае крытыку ў свой адрас. Гэтая Яго адметная рыса, якая неаднаразова праяўлялася ў дыялогах і палеміках. У Ім сапраўды «схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання» (Клс 2, 3).
Адказ Езуса не павінен успрымацца як намёк на тое, што закон павінен быць выкананы толькі ў адпаведнасці з пэўнымі маральнымі нормамі, ці на тое, што чалавек можа выносіць прысуд толькі калі сам не заплямлены грахом.
Езус кажа, што мы павінны быць паслядоўнымі, асуджаючы іншых. Меч суда — абасечны, востры з двух бакоў.
Асуджаючы іншых, мы судзім і сябе, а нашае нежаданне судзіць сябе пазбаўляе нас права судзіць іншых.
Прасцей кажучы, Езус заклікае і заўсёды заклікаў нас жыць праведным і пабожным жыццём. Перш чым вінаваціць каго-небудзь, мы павінны паглядзець на саміх сябе.
Словы Езуса маюць моцны эфект. Адзін за адным усе разыходзяцца.
Нарэшце, Езус застаецца сам-насам з жанчынай і ўпершыню звяртаецца да яе. Бо, калі не засталося вакол абвінаваўцаў, Ён таксама не збіраецца яе абвінавачваць, але заклікае да змены жыцця: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы» (Ян 8, 10–11).