Пошук

24.01.2010 11:39  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дан 13, 41с–62

Вось я паміраю, хоць не зрабіла нічога

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Большасць асудзіла Зузану на смерць, фальшыва абвінавачаную двума старэйшынамі.

Тады Зузана голасна ўсклікнула: О вечны Божа, Ты – знаўца патаемнага, які ведае ўсё, перш чым яно станецца. Ты ведаеш, што яны далі фальшывае сведчанне супраць мяне. І вось я паміраю, хоць не зрабіла нічога, у чым яны падступна вінавацяць мяне.

І Пан выслухаў яе голас. І калі павялі яе на смерць, Пан абудзіў у маладым хлопцы, па імені Даніэль, святы дух, і ён закрычаў гучным голасам: Я чысты ад яе крыві. Тады ўсе людзі павярнуліся да яго і спыталіся: Што ты меў на ўвазе? Ён жа стаў пасярод іх і сказаў:  Ці вы такія неразумныя, сыны Ізраэля, што без допыту і высвятлення асудзілі дачку Ізраэля? Вярніцеся ў суд, бо яны фальшыва сведчылі супраць яе.

Усе людзі паспешліва вярнуліся ў суд, і сказалі яму старэйшыны: Хадзі, сядзь між намі і раскажы нам, таму што Бог даў табе старшынство. І сказаў ім Даніэль: Аддзяліце іх падалей аднаго ад другога, і я дапытаю іх.
Калі іх аддзялілі аднаго ад другога, паклікаў першага з іх і сказаў яму: О, застарэлы ў зле, цяпер выяўляюцца грахі твае, што чыніў ты раней, праводзячы несправядлівыя суды, асуджаючы нявінных і адпускаючы вінаватых, хоць Пан казаў: Нявіннага і справядлівага не забівай. А цяпер, калі ты сапраўды бачыў яе, скажы, пад якім дрэвам ты бачыў іх разам? Той адказаў: Пад масцікавым. Даніэль адказаў: Добра ты схлусіў на сваю галаву, таму што анёл Божы ўжо атрымаў прысуд ад Бога і рассячэ цябе напалам.

Адаслаўшы яго, Даніэль загадаў прывесці другога і сказаў яму: Нашчадак Ханаана, а не Юды. Прыгажосць звяла цябе, а пажадлівасць перавярнула тваё сэрца. Гэтак вы рабілі з дочкамі Ізраэля, і яны ад страху аддаваліся вам, але дачка Юды не змірылася з вашым беззаконнем. Цяпер жа скажы мне, пад якім дрэвам ты застаў іх на ўчынку. Той адказаў: Пад дубам. Даніэль адказаў яму:  Добра схлусіў ты на сваю галаву, бо чакае анёл Божы з мячом ў руцэ, каб рассячы цябе напалам і знішчыць вас.

І ўвесь сход гучна закрычаў, і благаславілі Бога, які ратуе тых, хто спадзяецца на Яго. І паўсталі на двух старэйшын, бо іхнімі ўласнымі вуснамі Даніэль даказаў, што яны далі фальшывае сведчанне. І ўчынілі з імі так, як яны самі падступна зрабілі бліжняму. Каб выканаць закон Майсея, забілі іх, і ў той дзень была ўратавана нявінная кроў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: пар. 4а)

Рэфрэн: Не буду баяцца, бо Ты са мною, Пане.

3. Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы, *
4. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

7. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Эзх 33, 11
Не хачу смерці грэшніка, — кажа Пан, —
але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 8, 1–11

Хто без граху, няхай першы кіне ў яе камень

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.

Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?

Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго.

Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі.

Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.

Езус выпрастаўся і сказаў ёй: Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа