Пошук

20.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
«Гора вам, кніжнікі і фарысеі». Мастак Джэймс Цісо

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 7, 40–53

Сёння мы становімся сведкамі ажыўленай дыскусіі, прадстаўленай у евангельскім урыўку, адносна асобы Езуса ў Ерузалеме падчас свята Шатроў. Меркаванні разышліся: «Людзі з натоўпу, калі пачулі словы Езуса, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: Гэта Месія. А іншыя казалі: Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід? І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў народзе» (Ян 7, 40–43).

Першасвятары і фарысеі адправілі слугаў, каб тыя арыштавалі Езуса. Слугі зацікавіліся спрэчкай і слухалі яе ўважліва. Яны чулі многіх настаўнікаў, якія прамаўлялі ў ерузалемскай святыні, але вучэнне Езуса зрабіла на іх асаблівае ўражанне. Слугі былі ўражаныя і здзіўленыя адначасова.

Яны прыйшлі арыштаваць Езуса, а вярнуліся без Яго, таму што ніколі ў сваім жыцці не чулі, каб хто-небудзь прамаўляў так, як Хрыстус.

І сапраўды, слухаць Езуса — непаўторнае адчуванне і перажыванне для кожнага.

Яны не знайшлі зачэпак і падстаў, каб арыштаваць Хрыста, і вярнуліся да першасвятароў і фарысеяў, каб паведаміць ім: «Ніколі яшчэ ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек» (Ян 7, 46). Першасвятары і фарысеі былі непахісныя ў сваім меркаванні: «Няўжо і вас увялі ў зман? Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!» (Ян 7, 47–49).

У вачах габрэйскіх духоўных лідараў Езус быў адступнікам. Людзі ж, якіх яны акрэслівалі як «натоўп», якія слухалі і ўспрымалі навуку Хрыста, па іх меркаванні, рабілі гэта выключна таму, што не ведалі Закону.

Яны думалі, што сапраўдныя веды і праўдзівая інтэрпрэтацыя Закону знаходзяцца толькі і выключна ў іх кампетэнцыі. Першасвятары і фарысеі пагарджалі простымі людзьмі, якія не арыентаваліся і не выконвалі тысяч правілаў абрадавага Закону, лічылі іх неадукаванымі, вартымі жалю і знявагі. Па іх меркаванні, толькі непісьменныя невукі маглі прыняць вучэнне Езуса. На жаль, і ў наш час ёсць такія, хто лічыць сябе дастаткова разумным або дастаткова добрым, а таму не мае патрэбы ў Езусе і Яго навуцы.

Першасвятароў і фарысеяў не менш здзіўляла і тое, што Нікадэм, «які быў адным з іх, і прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?» (Ян 7, 50–51). Замест таго, каб пагадзіцца з Нікадэмам, яны абвінавацілі яго. Першасвятары і фарысеі зрабілі заўвагу Нікадэму: «Можа, і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі не паўстане прарок» (Ян 7, 52).

Гэтая заўвага з іх боку гучала як беспадстаўны папрок і насмешка. Мэта: любым спосабам запярэчыць і праігнараваць як логіку, так і закон, якія выразна дэкларуюць, што з кожным чалавекам неабходна абыходзіцца па справядлівасці (пар. Зых 23, 1; Дрг 1, 16), бо кожны мае права на абарону. Нікадэм прыпыняе пасяджэнне Рады сваёй заўвагай, і такім чынам рашэнне пра арышт Езуса адкладваецца.

Нярэдка чалавек аказваецца ў сітуацыі, калі яму хочацца абараніць Езуса і свае перакананні, давесці, на чыім ён баку. Часта чалавек нерашуча спрабуе сказаць слова ў абарону Хрыста, а потым збянтэжана і сарамліва змаўкае.

Стаўшы ў абарону Езуса і сваёй веры ў Яго, мы часта можам страціць прыхільнасць і падтрымку людзей, стаць аб’ектам кпін і насмешак, ускладніць сваё жыццё, апынуцца перад неабходнасцю ахвяры ад нас і самаадрачэння. Словы Хрыста з Евангелля паводле Мацвея ў гэтым кантэксце асабліва важныя і выразныя, яны дапаўняюць змест сённяшняга разважання: «А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах» (Мц 10, 33).

Вернасць Езусу і Яго навуцы можа прынесці нам крыж і цярпенні, выпрабаванні і перашкоды на зямлі, але менавіта вернасць Хрысту прынясе вянок славы (пар. Ап 2, 10), бо той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены (пар. Мц 10, 22).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.