Пошук

24.01.2010 11:39  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 11, 18–20

Але я быў, як прыручанае ягня, якое вядуць на зарэз

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Ты, Пане, даў спазнаць мне, і я ведаю. Ты паказаў мне ўчынкі іхнія.

Але я быў, як прыручанае ягня, якое вядуць на зарэз, і не разумеў, што яны задумалі змову супраць мяне: Знішчым дрэва ў поўнай сіле, вырвем яго з зямлі жывых, каб не згадвалі больш імя яго.

Але Ты, Пане Магуццяў, які судзіш справядліва, які даследуеш нутро і сэрца, дазволь мне ўбачыць Тваю помсту над імі, бо Табе я давяраю сваю справу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 7, 2–3. 9bc–10. 11–12 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Пане, мой Божа, на Цябе спадзяюся.

2. Пане, мой Божа, на Цябе спадзяюся, *
уратуй мяне ад усіх ганіцеляў маіх і вызвалі мяне.
3. Каб не схапілі, як леў, душу маю *
і не разадралі, пакуль няма каму ўратаваць мяне.

Рэфрэн:

9. Пане, судзі мяне па справядлівасці маёй *
і па маёй нявіннасці, што ўва мне.
10. Няхай скончыцца зласлівасць грэшнікаў; †
умацуй праведнага, *
Божа справядлівы, які даследуеш нутро і сэрца.

Рэфрэн:

11. Мой шчыт — гэта Бог, *
які ратуе праведных сэрцам.
12. Бог — суддзя справядлівы, *
Бог, які штодня спаганяе.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
пар. Лк 8, 15
Шчаслівыя, хто ў добрым і чыстым сэрцы
захоўвае слова Божае і прыносіць плод у цярплівасці.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 7, 40–53

Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Людзі з натоўпу, калі пачулі словы Езуса, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: Гэта Месія. А іншыя казалі: Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід? І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў народзе. Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўсклаў на Яго рукі.

Вярнуліся слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго?

Слугі адказалі: Ніколі яшчэ ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек.

Фарысеі сказалі ім: Няўжо і вас увялі ў зман? Можа, паверыў у Яго хто з кіраўнікоў або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты.

Тады Нікадэм, які быў адным з іх, і прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?

На гэта адказалі яму: Можа, і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі не паўстане прарок.
І разышліся кожны да свайго дому.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця