Пошук

13.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Фарысей і мытнік. Мастак Юліюс Шнор фон Каральсфэльд / Рinterest.com

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 18, 9–14

З сённяшняга Евангелля мы даведваемся пра фарысея і мытніка, якія зайшлі ў святыню памаліцца (пар. Лк 18, 10).

Уваход гэтых двух людзей у святыню быў цалкам аднолькавы, з адною мэтай, што яшчэ раз пацвярджае: перад Богам усе людзі роўныя.

Тым не менш, выхад гэтых людзей са святыні меў зусім супрацьлеглыя рысы: «Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той» (Лк 18, 14). У чым жа прычына?

Першы чалавек з сённяшняй прыпавесці — гэта фарысей, які педантычна выконвае ўсе прадпісанні закону Майсея і лічыць, што мае поўнае права зайсці ў святыню і стаць перад Божым абліччам.

У стаўленні фарысея да Бога ўсё строга акрэслена, падпарадкоўваецца прадпісанням і нормам. Аднак малітва фарысея ў святыні — гэта перш за ўсё дэманстрацыя яго ўяўнай «праведнасці» і перавагі над іншымі: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю» (Лк 18, 11–12). Перад намі выразны прыклад аднабаковасці дэклараванай праведнасці і самавыхвалення.

У фарысея няма ніводнай прычыны, каб асуджаць сябе і шчыра каяцца: перад законам ён «праведны», халодны і, на вялікі жаль, мёртвы.

За ўсё сваё «беспамылковае» жыццё ён так і не зразумеў, што паміж ім і Богам могуць быць адносіны не толькі паводле літары закону, але і любові. У гэтым яго памылка і трагедыя.

Другі чалавек з сённяшняй евангельскай прыпавесці — гэта мытнік. Мытнікі, ці зборшчыкі падаткаў у часы Хрыста ўспрымаліся суайчыннікамі як людзі вельмі нізкага маральнага ўзроўню. Іх лічылі прайдзісветамі, здраднікамі і грэшнікамі. Зносіны з падобнымі непажаданымі і заганнымі людзьмі як мінімум не віталіся; да гэтых людзей ставіліся з агідай, іх прыніжалі, імі пагарджалі.

У прыпавесці мытнік уваходзіць у святыню, прызнаючы свой нікчэмны стан перад людзьмі, але найперш перад Богам. Жаданне прабачэння і шчырае вызнанне сваіх грахоў выразна бачныя ў яго паставе і змесце малітвы: «Стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка» (Лк 18, 13).

Мытнік з сённяшняга Евангелля — гэта не толькі грэшнік ва ўяўленні іншых, але і той, хто пазнаў і зразумеў свае грахі — чалавек, які адкрыў праўду пра самога сябе. Пагарджаны людзьмі, іх незадаволенасцю і абурэннямі, ён стаіць перад Богам не столькі прыніжаны, колькі здольны бачыць праўду пра сябе.

Ён скараецца перад Богам не толькі таму, што грэшны і недасканалы, але і таму, што ўсведамляе сваю аб’ектыўную немач перад Стварыцелем. Праз адкрытасць Божай ласцы і ацаленню мытнік адкрывае для сябе Божую моц, уладу, мудрасць, дабрыню.

Уваходзячы ў святыню мы спадзяемся атрымаць неабходную нам для збаўлення дапамогу ў выглядзе сакрамэнтальнай ласкі. Гэтая патрэба ўзнікае заўсёды, калі мы праўдзівыя перад сабой. Усведамленне сваёй слабасці, неабходнасці Божай дапамогі і прабачэння адчыняюць у нас дзверы для дзеяння асвячальнай ласкі.

Пакорлівасць і ўсведамленне праўды пра сябе — адзін з ключоў пазнання Божай любові і міласэрнасці.

«Кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца» (Лк 18, 14).

У сённяшнім Евангеллі праз прыклад фарысея і мытніка паказаны два спосабы малітвы.

У малітве фарысея адсутнічае просьба, няма таксама ўсведамлення ўласнай слабасці і патрэбы ў Богу. Непахісная ўпэўненасць у сваёй праведнасці і бездакорным жыцці, а таксама ганарлівасць выяўляюцца, нібы «пакорная пыха», у адной кароткай фразе: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі» (Лк 18, 11). Такая малітва не можа выклікаць Божага спачування. Няма ў ёй ні праслаўлення, ані шчырай просьбы. Гэта, хутчэй, абраза Бога.

Малітва мытніка прасякнута ўсведамленнем уласнай недасканаласці і грэшнасці. Ён ведае, што без дапамогі Бога, без Яго міласэрнасці ён не зможа выправіць і змяніць сваё жыццё. Яго малітва становіцца малітвай пакоры, напоўненай надзеяй і верай у Божую любоў. Яму не застаецца нічога іншага, як толькі, скарыўшыся, не падымаючы вачэй да неба і б’ючы сябе ў грудзі, прасіць: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага» (Лк 18, 13).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.