Пошук

03.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Сустрэча Хрыста з маці сыноў Зэбэдэя. Мастак Паоло Веранэзэ

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 20, 17–28

У сённяшнім Евангеллі Езус трэці раз прадказвае ўсё больш блізкую сваю смерць і ўваскрасенне (пар. Мц 16, 21–23; 17, 22–23). Патройная згадка Хрыста пра гэтыя падзеі паказвае, наколькі цяжка было зразумець апосталам праўду пра ўкрыжаванне. Аднак бічаванне і смерць не былі чымсьці, да чаго Езус свядома не рыхтаваўся, мэтанакіравана ідучы ў Ерузалем, дзе «будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам», дзе «асудзяць Яго на смерць», бо толькі так мог споўніцца Божы план збаўлення.

Езус тлумачыць вучням сваю місію: «Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. І яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён уваскрэсне» (Мц 20, 18b–19). Вучні не разумеюць словы Настаўніка.

Немагчыма зразумець і прыняць да рэшты Божыя планы без глыбокай веры і асаблівага даверу, які нараджаецца з вернага і адданага наследавання Хрыста ажно да апошняй хвіліны здзяйснення Ім усяго прадвешчанага.

Апосталы разумелі словы Езуса па-свойму, у іх былі спадзяванні і планы ў чалавечым вымярэнні. Падобныя клопаты мелі і іх сваякі: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе» (Мц 20, 21b).

Ідучы за Хрыстом, асабліва ў час Вялікага посту, варта ўсведамляць, што хрысціянскі плён — гэта не выкананне нашых асабістых просьбаў і спадзяванняў з надзеяй на поспех, а выкананне плану збаўлення: як для нас асабіста, так і для нашых бліжніх. Гэта плён, поўны выпрабаванняў і ачышчэння, адрачэнняў і асабістай ахвяры.

«Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» (Мц 20, 22b) — ставіць і перад намі пытанне Езус.

Апосталы не хацелі ўсвядоміць і прыняць перспектыву смерці Хрыста.

Ідучы за сваім Настаўнікам яны, пакінуўшы свой дом і працу, спазналі нялёгкія ўмовы, зведалі голад, пераслед і асуджэнне. Не дзіўна, што яны чакалі сваёй хуткай узнагароды, першых месцаў і пасад яшчэ тут, на зямлі. Пасля ўсіх невыгодаў і адрачэнняў яны не былі здольнымі і гатовымі наследаваць Настаўніка і ісці за Ім, чуць і прымаць праўду пра Яго смерць на крыжы.

Місія Езуса заключаецца ў бескарыслівай дапамозе і служэнні іншым. Такое заданне нараджаецца з бясконцай любові Бога да чалавека. Гэтаму ж Ён вучыць і нас.

«Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28). На гэтым засноўваецца і сапраўдная «кар’ера» хрысціяніна: не на часовай пахвале і ўзнагародах, статусе і пасадах, а на крыжы Хрыста.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця