Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
У сённяшнім Евангеллі, якое, з аднаго боку, з’яўляецца крытыкай няшчырых учынкаў фарысеяў, а з другога — настаўленнем для вучняў і паслядоўнікаў Хрыста у кантэксце правільных паводзін, усё ж прадстаўлена больш змястоўнае паняцце, якое можна акрэсліць як хрысціянскую пакору.
Няпроста адказаць на пытанне, чым з’яўляецца сапраўдная пакора. Адны сцвярджаюць, што пакора — гэта ціхае маўчанне, іншыя, што гэта самаахвярнасць і шчырая самаадданасць, а яшчэ іншыя, што гэта забыццё пра сябе і бесперапынны клопат ды служэнне бліжняму.
Калі спыталіся святога Альфонса Марыю Лігуоры, якія цноты, на яго думку, аздаравілі б свет, ён адказаў, што іх тры: імя першай — пакора, імя другойb— пакора і імя трэцяй — пакора.
Пакора — гэта перш за ўсё слушная, аб’ектыўная і праўдзівая ацэнка сябе.
Той, хто занадта высока сябе ацэньвае, чыніць грэх пыхі; той, хто неаб’ектыўна недаацэньвае сябе, таксама чыніць грэх пыхі. Гэтыя дзве праявы з’яўляюцца нічым іншым, як ілжывым самалюбствам і падманлівай фанабэрыстасцю. Нішто так не зачыняе дарогі да Нябеснага Валадарства, да чалавечых сэрцаў і нават да самога Бога, як чалавечая пыха.
У сённяшнім Евангеллі Езус кажа вельмі прама: «Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх» (Мц 23, 3b–4).
Фарысеі хацелі для сябе «першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх „Раббі“» (Мц 23, 6–7).
Усе гэтыя тытулы ў часы Хрыста надаваліся асабліва заслужаным людзям. Фарысеі ж жылі ў атмасферы ілжы і няшчырасці адносна саміх сябе, з пагардаю ставіліся да астатніх людзей, лічачы іх ніжэйшымі за сябе перад Богам.
Фарысеі бачылі ў Езусе пагрозу свайму «духоўнаму аўтарытэту» і перавазе над людзьмі, тым больш, што насамрэч іх уласны аўтарытэт шмат у чым быў сумнеўным і беспадстаўным.
Так, раздаючы міласціну жабракам, фарысеі мелі звычай збіраць вакол сябе натоўп гледачоў, каб тыя маглі назіраць за іх шчодрасцю. Захоўваючы пост, яны знарок апраналіся ў паношанае адзенне і выбельвалі твары, каб іншыя маглі пераканацца ў іх аскезе і знясіленні постам. Падчас набажэнства ў святыні станавіліся ў першыя шэрагі, каб падкрэсліць сваю бясспрэчную перавагу і аўтарытэт.
У дні Вялікага посту варта задумацца аб нашых учынках і словах. Ці сапраўды яны адпавядаюць вучэнню Хрыста аб пакоры? «Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны» (Мц 23, 12).