Пошук

24.01.2010 11:39  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 1, 10. 16–20

Навучыцеся рабіць дабро, шукайце правасуддзя

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слухайце слова Пана, правадыры садомскія, пачуйце Закон Бога нашага, народ Гаморы.

Абмыйцеся, будзьце чыстымі, аддаліце ад вачэй маіх дрэнныя ўчынкі вашыя. Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро. Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву.

Прыходзьце і рассудзім, — кажа Пан. Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць як снег; калі будуць барвовыя, як пурпур, стануць як воўна.

Калі захочаце і паслухаецеся, будзеце спажываць даброты зямлі. Калі ж адмовіцеся і станеце бунтаваць, знішчыць вас меч, бо так сказалі вусны Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 50 (49), 8–9. 16bc–17. 21 і 23  (Р.: пар. 23b)

Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах пакажу збаўленне.

8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.
9. Не прыму вала з твайго дому, *
ні казлоў з тваіх загонаў.

Рэфрэн:

16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне *
і словы Мае кідаеш за сабою?

Рэфрэн:

21. Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. *
Ты думаў, што Я падобны да цябе?
23. Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, *
і таму, хто беззаганны ў паводзінах, Я пакажу Божае збаўленне.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Эзх 18, 31
Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, — кажа Пан, —
і стварыце ў сабе новае сэрца і новы дух.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 23, 1–12

Гавораць і не робяць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх такімі словамі:

Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».

Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа