Пошук

01.03.2021 07:05   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Казанне на гары. Гравюра. Мастак Юліюс Шнор фон Каральсфэльд

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 6, 36-38

Сённяшняе Евангелле можна назваць «рэцэптам» дасканаласці і святасці хрысціяніна, у якім дамінуе важны сродак — заклік да самакантролю і  панавання над уласным розумам і языком. Занядбанне і пагарджанне гэтым самакантролем часта прыводзіць да міжвольнага альбо свядомага граху.

У кожнага чалавека бываюць моманты, калі ён усведамляе, што грэшны. У сённяшнім першым чытанні прарок Даніэль кажа пра агульную віну (пар. Дан 9, 5). Ён не адпіраецца і не апраўдваецца тым, што зграшыў не адзін.

Прарок супрацьпастаўляе грахі не абстрактнаму і ўяўнаму чалавеку, а святасці і прыгажосці самога Бога.

Прарок Даніэль узіраецца ў Бога і ачышчаецца праз Яго міласэрны позірк, адкрыты ў поўні святла праз Хрыста.

Езус звяртаецца да нас: «не судзіце», «не асуджайце», «прабачайце», «давайце». Гэта вельмі простыя і канкрэтныя заклікі з сённяшняга Евангелля, якія знаходзяць сваё глыбокае абгрунтаванне і водгук не толькі ў змесце Вялікага посту, але ва ўсёй структуры хрысціянскага вучэння, яны напаўняюць правілы, якімі павінны кіравацца вернікі, каб не пазбавіць сябе асвячальнай ласкі і еднасці з Богам.

Сапраўдны суд, аб’ектыўны і праўдзівы, належыць таму (кажучы біблійнай мовай), хто даследаваў «сэрца» і «ныркі» чалавека (пар. Пс 7, 10; Пс 72, 21; Пл 11, 20; 17, 10; 20, 12; Ап 2, 23), хто ведае ўсю праўду, усе таемныя думкі і намеры чалавека. Гэта значыць — толькі Богу.

Нам жа замест суду і асуджэння іншых належыць адно:

«Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш» (Лк 6, 38a).

Даваць — значыць дзяліцца сабой з бліжнім. І самае важнае — дзяліцца прабачэннем. Усведамляючы сваю слабасць і грэшнасць, маючы патрэбу ў Божай дапамозе і падтрымцы, у Яго збаўленчай ласцы, мы павінны прабачаць, каб самім атрымаць прабачэнне. Павінны імкнуцца быць міласэрнымі, каб спазнаць Божую любоў і мець у ёй асалоду і пацеху.

Час Вялікага посту заклікае нас да ўласнага рахунку сумлення. Калі мы не будзем здольнымі стаць у праўдзе перад сабою, калі будзем апраўдваць у вачах Божых сябе і свае недасканаласці ўчынкамі іншых, нязручнымі абставінамі, занятасцю, працай або абавязкамі, то гэта стане шляхам да згубы: «якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана» (Лк 6, 38b).

Імкнучыся апраўдаць сябе ва ўсім і ўвесь час, мы напаўняем сваё нутро і сутнасць крывадушнасцю і фальшывасцю, не пакідаем нават мінімальнага шансу Богу і Яго ласцы, якая можа аздаравіць нас і ацаліць ад граху. Калі ж мы імкнёмся апраўдаць бліжняга, мы вучымся любіць.

Абноўлена 02.03.2021 22:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.