Пошук

27.02.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Казанне на гары. Фрагмент. Мастак Генрык Олрык.

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 5, 43-48

Заклік да дасканаласці, які гучыць у сённяшнім Евангеллі, у чалавечым разуменні з’яўляецца самым цяжкім заданнем для хрысціяніна.

Ці пад сілу нам, людзям слабым і грэшным, выканаць гэты наказ Хрыста — любіць нашых ворагаў?

Пад ворагам маецца на ўвазе кожны чалавек, які чыніць зло нам ці іншым. У выніку першароднага граху ў свет увайшоў грэх. Першапачатковыя адносіны паміж людзьмі парушыліся: замест любові запанаваў чалавечы эгаізм.

Бог хоча выправіць гэты скажоны стан свету. У запаведзі любові да ворагаў выяўляецца галоўны закон духоўна-маральнага быцця: толькі дабром можа быць пераможана зло і зменены свет.

Нянавісць да чалавека, які чыніць зло, толькі памнажае гэтае зло.

У Новым Запавеце на грэцкай мове ёсць некалькі слоў, якія на беларускую мову перакладаюцца як «любоў». І ўсе яны маюць свой асаблівы сэнс. Чалавек можа адчуваць пачуццё сардэчнай, ахвярнай любові, напрыклад, да родных, да сяброў. Для такой любові ў грэцкай мове ёсць слова φιλία. Але не пра гэтую любоў кажа Хрыстус, калі заклікае любіць ворагаў. Ужытае тут грэцкае слова ἀγάπη азначае, перш за ўсё, адсутнасць злобы і справядлівае стаўленне да ўсіх без адрознення людзей, без прыняцця боку адных ці другіх.

Трываючы ў паставе адкрытага сэрца і працягнутай рукі да тых, хто нас ненавідзіць і чыніць нам зло, мы дасягаем узроўню найвышэйшай дасканаласці. Хрысціянская любоў не з’яўляецца нечым нязменным. У кожным верніку яна мае розную меру паўнаты.

Такая любоў зусім не азначае адсутнасць праведнага гневу да тых, хто чыніць зло і здзяйсняе злачынства.

Такая любоў з’яўляецца шляхам да еднасці са Стварыцелем, здабыццём дасканаласці самога Айца ў Нябёсах, які «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых» (Мц 5, 45). Такая любоў з’яўляецца наследаваннем Бога, які любіць усіх аднолькава.

У сённяшнім Евангеліі Хрыстус заахвочвае нас вучыцца такой любові: ахвярнай і творчай, якая не шукае свайго.

Няма прычын і падстаў апраўдваць хрысціяніна ў адсутнасці любові. Няма таксама перашкодаў, якія немагчыма пераадолець, каб гэтай любоўю жыць і выпраменьваць яе ў свет.

Хрыстус адорвае і ўзбагачае нас сваёй любоўю. Стаіць перад намі з адкрытым сэрцам і прабачэннем, нягледзячы на тое, што мы, слабыя людзі, часам дапускаем у сваё жыццё грэх і зло, чынім беззаконні.

Час Вялікага посту — благаслаўлёная нагода здзейсніць жаданне Езуса: удасканаліцца ў хрысціянскай любові. «Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48).

Абноўлена 02.03.2021 22:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця