Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
Маліцца можна розным чынам. Малітва можа быць актам праслаўлення Бога, падзякай за атрыманыя ласкі, просьбай аб патрэбных дарах, перапрашэннем за ўчыненыя правіны.
Незалежна ад зместу і формы малітва павінна мець персанальны і трывалы характар, бо з’яўляецца цудоўным і таемным дыялогам чалавека і Бога.
Святое Пісанне вучыць нас як трэба маліцца: з верай (пар. Як 1, 6-8), шукаючы волю Божую (пар. 1 Ян 5, 14), з настойлівасцю (пар. Лк 18, 1-8) і са шчырым сэрцам (пар. Гбр 10, 22).
Плённасць малітвы залежыць не ад асобы таго, хто просіць, але ад настойлівасці і трываласці, з якой ён упрошвае Бога. У сённяшнім Евангеллі Езус заклікае нас да трываласці ў малітве:
«Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена»(Мц 7, 7-8).
Хрыстус выкарыстоўвае аналогію, узятую з жыццёвага прыкладу, каб пераканаць нас, што малітва будзе плённай і эфектыўнай, калі яе галоўнай адметнасцю будзе наша настойлівасць і шчырая вера ў тое, што мы з поўным даверам і любоўю звяртаемся да Нябеснага Айца:
«Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю?» (Мц 7, 9-10).
З папярэдніх словаў Езуса вынікае, што мы атрымаем усё, пра што будзем прасіць у малітве, але Бог адорыць нас найперш тым, што будзе добра, патрэбна і карысна для нас: «Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго» (Мц 7, 11).
Падсумаваннем словаў пра малітву ў сённяшнім Евангеллі з’яўляецца «Залатое правіла», абвешчанае Хрыстом:
«Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мц 7, 12).
Апошнія словы сённяшняга Евангелля — трапнае і выразнае падсумаванне Хрыстовага Казання на гары.
У кантэксце малітвы эфектыўнасць і плённасць прамоўленых намі слоў залежыць таксама ад нашага стаўлення не толькі да Бога, але і да бліжніх. Гэтыя словы з’яўляюцца таксама парафразай другой найвялікшай запаведзі:
«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 39; Лев 19, 18).
«Залатое правіла» нагадвае нам, што ніводная наша малітва не будзе пачутая Богам, калі не прамаўляецца ў любові да Стварыцеля, бліжняга, сябе і ўсяго створанага.
«Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры» (Гал 6, 10), — павучае нас святы Павел, «бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе», — дадае апостал. (Рым 13, 8; пар. 10; Гал 5, 14).