Заканчэнне адвэнтавых рэкалекцый на партале Catholic.by, якія праводзіў айцец Раман Шульц, дамініканін з Магілёва.
Заканчэнне. Папярэдняя частка ТУТ>>>
Нам застаецца яшчэ пяць дзён, якія мы прысвецім падзяцы за пачуццё дотыку. Гэта — наша пятая «мудрая панна».
Дотыкам мы імкнемся праслаўляць Бога, каб узрастаць у мудрасці.
Трэба ацаніць нашу здольнасць адчуваць цеплыню і прахалоду, магчымасць падаць іншаму чалавеку руку на знак супакою, абняць блізкага чалавека, пацалаваць руку матулі…
Які цудоўны дар магчымасць выспацца ва ўтульным ложку, прыняць душ, каб асвяжыць сваё цела! Наша скура, на якой знаходзіцца шмат нэрвовых канчаткаў, — гэта непаўторны Божы дар, дзякуючы якому мы адчуваем рэчы навобмацак.
Нам прыемна насіць камфортнае адзенне, шапку ці пальчаткі. У рукі мы бярэм розныя прадметы: кавалак хлеба, лыжку, відэлец, тэлефон, мыла — ці мала яшчэ што? — і адчуваем усе гэтыя прадметы навобмацак.
Няхай жа пачуццё дотыку адкрые нас перад Богам і вызваліць ад паралюшу абыякавасці і няўдзячнасці. Няхай дары, да якіх мы дакранаемся, якія адчуваем сваімі рукамі, будуць чымсьці накшталт трампліна або ліфта, які ўздымае нас у абдымкі Даўцы ўсіх дароў, каб мы маглі Яго ўзвялічваць.
«Калі забуду цябе, Ерузалем, няхай адсохне мая правіца» (Пс 137 (136), 5).
На жаль, калі паддацца розным спакусам, звязаным з пачуццём дотыку, можна абразіць Бога і раніць іншых людзей. Дрэнна скіраваны і ўжыты дотык можа ўнутрана збядніць чалавека.
Калі хтосьці распуснічае, крадзе ці б’е іншых, тады пачуццё дотыку, якое бярэ ў гэтым удзел, служыць нашай глупоце і не праслаўляе Бога.
«Неразумная панна» моцна рызыкуе: яна можа не трапіць на вясельную гасціну.
Прыгожым Божым дарам з’яўляецца натуральнае пачуццё сораму, якое, калі будзе падмацавана разумным разважаннем над шостай запаведдзю, захавае сферу нашага дотыку ад спакусаў у гэтай далікатнай сферы.
Няхай жа Кроў, якую Езус праліў падчас бічавання, зробіць пачуццё дотыку кожнага з нас прыладаю спачування і карыснага служэння бліжнім.
На заканчэнне
Адвэнт — гэта шанц, каб з дапамогаю пяці нашых пачуццяў напоўніць сэрца і розум прыгажосцю, дабром і праўдаю. Гэтаму спрыяюць Рараты, падчас якіх цемра адступае перад святлом — не толькі сімвалічна, падчас спеву гімну «Хвала на вышынях Богу», але сапраўды нас напаўняе святлом Слова, якое мы чуем.
Якія прыгожыя мелодыі і тэксты спеваў на Адвэнт, якія разнастайныя дэкарацыі.
Усё гэта ўздзейнічае на нас дзякуючы цудоўнаму дару пачуццяў.
Бог Стварыцель прамаўляе да нас праз словы Святога Пісання, адкрывае перад намі евангельскія вобразы, калі мы разважаем над таямніцамі Ружанца і молімся Вяночак да Божай Міласэрнасці…
Няхай Дух Святы абудзіць нашыя сонныя пачуцці, каб нас напоўніла звышнатуральнае святло.