Пошук

10.09.2020 18:24   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: oboi-dlja-stola.ru

З юнакамі і дзяўчатамі, якія ўваходзяць у дарослае жыццё, адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі дзеліцца сакрэтам таго, як эфектыўна змяняць сябе і свет навокал.

Дарагія маладыя сябры, якія становіцеся дарослымі і зноў «пакідаеце гнёзды свае»!

Распачаўся 2020–2021 навучальны год, зноў паклікаўшы школьнікаў і студэнтаў за парты і ў аўдыторыі. У парафіях пасля канікул — сёлета асабліва доўгіх з-за пандэміі каранавірусу — зноў распачынаюцца заняткі па катэхезе.

Вучоба — гэта новыя веды, новыя сябры і новы напружаны распарадак дня, да якога трэба прызвычаіцца, увайсці ў працоўны рытм.

Так адбываецца штогод, і кожны перажывае гэта па-свойму.

Ілюстрацыйнае фота: stock.adobe.com

Дазвольце, дарагія сябры, што і я распачну нашу сённяшнюю размову па-свойму, з аповеду пра аднаго майго знаёмага. Нядаўна я яго наведаў пасля таго, як ён правёў некалькі тыдняў у «самаізаляцыі». Ступіўшы да яго на падворак, я адразу звярнуў увагу на даволі нечаканыя змены.

Раней каля яго дома былі толькі градкі з гароднінай, а цяпер з’явіліся кветкі. І сам дом з новымі элементамі дэкору стаў больш прыгожым і ўтульным.

Змяніўся і яго гаспадар: у выглядзе і размовах стаў больш спакойным, разважлівым, тактоўным. У адносінах з жонкай і дзецьмі з’явілася больш павагі і сардэчнасці.

Яму ўжо не перашкаджаў кот, які цёрся каля яго ног, а ластаўкі, чые гнёзды пад страхой раней так дакучалі гаспадару, сёння цешылі яго сваёй прысутнасцю. Нарэшце, я пачуў ад гэтага чалавека шмат добрага і пра яго суседзяў, хоць яны не новыя — ужо даўно жывуць побач…

Ілюстрацыйнае фота: pikabu.ru

На маё здзіўленне такімі зменамі ён прызнаўся, што гэта малітва дапамагла яму паглядзець на ўсё навокал іншымі вачыма. І дадаў: «Дзякую Богу за святара, які выслухаў мяне і не „адмахнуўся“, а параіў маліцца так, як вучыў святы Аўгустын, які казаў: „Малітва ўмацоўвае нас, каб мы Бога Айца, які ёсць у небе, умелі прасіць не толькі аб тым, чаго жадаем, але таксама аб тым, чаго жадаць павінны“ (пар. Sermo 59)».

Дарагія юнакі і дзяўчаты, прыклад майго знаёмага — навочнае сведчанне таго, як малітва здзяйсняе цуды. Яна перамяняе нас саміх і свет вакол нас.

Пра гэта нам можа распавесці святая Моніка, якая малілася аб навяртанні свайго сына Аўгустына. Сам жа святы Аўгустын сцвярджае: «Божа, Ты быў ува мне, а я быў звонку сябе і там Цябе шукаў». У малітве мы сустракаем Бога. Святая Тэрэза Авільская казала: «Не шукай Бога там або тут: Ён — у табе». Малітва, па словах Папы Францішка, робіць нас «людзьмі Бога». Такім «чалавекам Бога» назваў Папа свайго папярэдніка святога Яна Паўла ІІ у казанні на святкаванні 100-годдзя з дня яго нараджэння 18 мая ў Ватыкане.

Святы Аўгустын са сваёй маці святой Монікай. Мастак Ары Шэфер (фрагмент) / Forocatolico.wordpress.com

Любая моладзь, вернемся зноў да прыкладу майго знаёмага, якому, як мне здаецца, таксама ўдалося стаць «чалавекам Бога». Раней ён шмат мітусіўся, імкнучыся ўладкоўваць усё «па-свойму»; перажываў, калі штосьці не атрымлівалася, і ў выніку яго многае непакоіла і нават раздражняла. Дзякуючы малітве ён супакоіўся, таму што ўсвядоміў і прыняў сваё месца і пакліканне ў гэтым свеце, створаным Богам. Малітва ўладкавала і ўпарадкавала яго жыццё.

Можа, хтосьці скажа, што гэты прыклад — не самы ўдалы для маладога чалавека, які яшчэ не мае свайго кутка: дома ці кватэры, і пакуль не стварыў сям’і. А тут яшчэ кот нейкі „прыплёўся“, хоць самому часам няма чаго з’есці, калі скончацца прывезеныя з бацькоўскага дома харчы.

Менавіта таму, сябры, я вам гэта кажу менавіта цяпер, каб вы пачыналі будаўніцтва дома свайго дарослага жыцця з самага галоўнага — з падмурку.

Для таго, каб ён быў моцным, каб з часам не раскалоўся, каб наступныя рады цэглы былі моцна з’яднаныя паміж сабой, іх неабходна змацаваць добрым будаўнічым растворам малітвы: штодзённай малітвы.

Ілюстрацыйнае фота: shutterstock.com

Я запрашаю вас распачаць новы шлях, шлях у дарослае жыццё з Богам у сэрцы і з малітваю на вуснах. Дазвольце Богу «ўзяць голас» у вашых рашэннях і планах, прыслухайцеся да Яго настаўленняў.

Паслухайце, што кажа пра гэта вядучая «Моладзевага кварталу» Юлія Шэдзько, разважаючы над словамі святога апостала Паўла:

«Свет вучыць: дасягай і перамагай. Будзь першы ва ўсім, бо гэта дасць табе ўладу і свабоду. Бог вучыць: будзь спакойны і радасны духам. Працуй, але не аддавай усяго сэрца працы, яна — сродак, а не мэта, збірай сабе скарбы ў небе. Атрымлівай перамогу не ў тым, што цялеснае, а над тым, што цялеснае, — „паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела“ (Гал 5, 16)». (Ю. Шэдзько. «Чаму вучыць малітва» у: «Ave Maria», № 1/2020, с. 2).

Мае дарагія сябры, штодзённа гаворачы тыя самыя словы: «Будзь воля Твая, прыйдзі Валадарства Тваё…», — давайце пераменім свой свет у больш чалавечны і па-сапраўднаму Божы.

З малітвай аб вашай малітве

Біскуп Юзаф

P.S. Прапаную паслухаць, а пры неабходнасці спампаваць кароткую малітву-разважанне, запісаную ўжо вядомым вам ксяндзом Яўгенам Амасёнкам.

  • Раніцай:

  • На працягу дня:

  • Увечары:

Дарагія юнакі і дзяўчаты, вы можаце «парваць шаблон» і зрабіць так, што вашая малітва будзе вашым з Езусам «сакрэтам» ад іншых. Няхай усе навокал думаюць, што вы ў навушніках слухаеце музыку, а вы між тым будзеце рабіць штосьці нашмат важнейшае: сваёй малітвай перамяняць і ўдасканальваць сябе і свет навокал.

Ілюстрацыйнае фота: pikabu.ru

Абноўлена 11.09.2020 00:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.