Восень — пара, калі «пакідае гнёзды свае» моладзь. Якім павінна быць стаўленне бацькоў і на што зыярнуць увагу самім маладзёнам? На гэтую тэму разважае біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу.
Любая моладзь, дарагія бацькі!
Штогод мы бачым, як пакідаюць свае гнёзды птушкі. Нават часам назіраем, як дарослыя выштурхоўваюць нясмелых птушанятаў у першы палёт. Гавораць, што арлы нават уздымаюць на крылах сваіх дзяцей, каб паказаць прыгажосць, якая чакае тых, хто смела ўздымецца ўвысь.
Мы ж, назіраючы, з аднаго боку цешымся, а з іншага — чакаем з тугою вяртання буслоў, шпакоў і жаўрукоў, а асабліва першую ластаўку.
Аднак хопіць сентыментаў. Яны, нашыя «браты меншыя», спрадвеку гэта перажываюць аднолькава, згодна з законам прыроды, які вызначыў ім Створца. І гэта цудоўна, што ў прыродзе ўсё так добра зладжана. А чалавек?
Восень — гэта таксама пара, калі «пакідае гнёзды свае» наша моладзь.
Бацькоўскі дом і гасцінны стол, абжыты кут і двор, упэўненасць поўнай лядоўні і кашалька, шафы з папрасаваным адзеннем і аплачаная электраэнергія, ад якой можна зарадзіць мабільнік.
А яшчэ вігілійная вячэра і велікодны сняданак. Цеплыня і спакой хатняй атмасферы, спавіты лагоднасцю мамы, пачуццё бяспекі дае прысутнасць таты, якую праносім праз усё сваё жыццё.
Як жа можна такое пакінуць, ці ж нельга затрымаць час, паступіць інакш?
«Пакіне чалавек бацьку і маці…» — кажа Езус (пар. Мц 19, 5).
Таму правільна паступаюць тыя бацькі, якія дазваляюць сваім нашчадкам у адпаведны час распачаць працэс сталення, і не столькі фізічнага, з матэрыяльнай незалежнасцю ад бацькоў, колькі эмацыйнага (я не псіхолаг, таму не буду выкарыстоўваць навуковыя тэрміны з гэтай галіны). А гэта значыць: меркаваць, адчуваць і сузіраць самастойна — што ўплывае на фарміраванне тоеснасці як дарослага чалавека. І трэба дзецям гэта дазволіць — нават калі яны вучацца ў тым самым горадзе.
Вы, дарагія бацькі, мелі час, 16–17 гадоў, каб падрыхтаваць сваіх дзяцей да гэтага моманту, таму дазвольце ім распачаць новы этап жыцця, як гэта калісьці зрабілі вы самі. Вядома, што з тых часоў шмат што змянілася: адносіны, абставіны, магчымасці...
Пры гэтым вы можаце і нават абавязаны і надалей даваць добрыя бацькоўскія парады сваім дзецям, а асабліва маліцца за іх. Вы ж, дзеці, не сумуйце, што павінны распачаць выбіраць і планаваць самастойна. Кожны з вас, напэўна, неаднойчы казаў сабе: «Калі я ўжо буду сам прымаць рашэнні адносна свайго жыцця?»
Вось ён, гэты момант, вось яна, «свабода»!
Пасля трох дзён балючага перажывання і пошукаў Марыя і Юзаф знайшлі Езуса, які ў 12-гадовым узросце распачынае ў святыні распазнаванне і рэалізацыю свойго жыццёвага зямнога шляху.
«Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго. Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: „Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе“. Ён сказаў ім: „Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?“» (Лк 2, 46–49).
Дарагія! Мы не раз чулі гэтыя словы і нават і суперажывалі Панне Марыі і святому Юзафу ў іх клопаце. Аднак, як напіша далей святы Лука: «І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы Бога і ў людзей» (Лк 2, 51-52).
Таму хочацца пажадаць вам, мае дарагія бацькі і дзеці, якія «пакідаеце гнёзды свае», каб гэты тэкст святога Лукі знайшоў рэальнае адлюстраванне ў вашым жыцці.
Шукайце і размаўляйце, дыскутуйце і параўноўвайце, вучыцеся і маліцеся, пытайцеся і райцеся са старэйшымі і слухайце іх; шукайце прыкладу для сябе ў святыні Пана, а не ў інтэрнэце. Няхай вашым ведам і здольнасцям здзіўляецца асяроддзе, а вашай прыгожай мове вучацца дзеці.
Вы ж, бацькі, сочачы за сталеннем сваіх нашчадкаў, ніколі не пакідайце іх самотнымі, крочце за імі і перад імі, шукайце і тады, калі іншыя кажуць, што вы іх згубілі.
Тых жа, каго выбраў Пан да святарства ці манаскага жыцця, благаслаўляйце, не забараняйце. Паважайце іх выбар без дакору, нават калі ён не супадае з вашымі планамі. Прыміце іх рашэнне згодна з сумленнем, што грунтуецца на Божай праўдзе.
А калі яны, як піша папа Францішак у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Christus Vivit, крочаць за Божым Провідам хутчэй, чым рабілі гэта ў маладосці мы, то гэтым можна ганарыцца, бо сённяшні свет, як ніколі дагэтуль, патрабуе энтузіязму, ідэяў і веры маладога чалавека (пар. CV, 299).
Вось прыклад з жыцця. Бацькі вельмі добра выхоўвалі сваю дачку, не забывалі і пра выхаванне яе ў веры; мама вучыла жаночым справам, тата — дысцыпліне планавання дня. Аднак яны вельмі перажывалі, калі настаў час расстання дачкі з родным домам.
Прайшло некалькі дзён. Мама тэлефануе гаспадыні дома, у якім праз інтэрнэт дамовіліся з жыллём для дачкі, і заклапочана пытаецца: «Ці ўсё нармальна, ці не сумуе дачка, бо я вельмі перажываю, як яна там адна, без мяне?» У адказ чуе: «Яна мае Маму!»
І далей гаспадыня распавядае, як яна, занепакоеная цішынёй у пакоі кватаранткі, зазірнула да яе з цікавасці: ці не здарылася што? І ўбачыла наступную сцэну: дзяўчына стаяла на каленях перад невялічкай фігуркай Маці Божай Фацімскай, якую ёй у дарогу дала бабуля са словамі: «Трымайся Нябеснай Матулі», і малілася аб тым, каб не пахіснулася яе вера, каб здзейснілася воля Божая ў яе выбары, каб імкнулася не да таго, каб мець, а да таго, каб быць і заўсёды памятаць пра бацькоў і родны дом.
Жадаю вам бацькі, адважных, веруючых дзяцей. Вам жа, моладзь, жадаю, каб ніколі не забывалі свайго дому і памяталі пра бацькоўскі наказ: жыць у сяброўстве з Богам.
І яшчэ. Любая моладзь! Практычна ў кожным горадзе на Беларусі ёсць касцёл, святар, моладзевыя сустрэчы. Таму ў першыя дні свайго жыцця на новым месцы знайдзіце дарогу да Бога, не адкладайце на пазней, на час іспытаў. У сваім новым асяроддзі будзьце сапраўднымі вучнямі Хрыста і памятайце: вас пасылае Бог да тых, хто Яго яшчэ не сустрэў, таму не саромейцеся сваёй веры, а дазвольце вашым аднагодкам сустрэць у вас Хрыста.
Ёсць рэлігійны фільм «Бог не памёр» («Бог не умер»), які акурат падыходзіць да тэмы разпазнання самастойнай дарогі. Раю паглядзець: першы фільм — студэнтам і моладзі; другі — настаўнікам і выхаваўцам; трэці — святарам і духавенству; а ўсе тры — усім нам.
З малітвай за ваш упэўнены, спакойны і рашучы першы крок у дарослае жыццё.