Пошук

26.07.2020 08:08   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
«Прыпавесць пра схаваны скарб». Мастак Рэмбрант ван Рэйн / Wikimedia.org

У сваім блогу адказны за душпастырства моладзі ў беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі на падставе нядзельнага Евангелля прапануе задумацца над тым, як мы выкарыстоўваем матэрыяльныя даброты.

Мае дарагія сябры, сёння ў літургіі Божага слова мы чуем некалькі параўнанняў, з дапамогаю якіх Хрыстус апісвае Божае Валадарства. Адно з іх — гэта «скарб, схаваны ў полі» (пар. Мц 13, 44).

Так склалася, што свецкі каляндар таксама нагадвае нам пра «скарб», набытак, бо ў апошнюю нядзелю ліпеня ў Беларусі адзначаецца «дзень гандлю».

У сувязі з гэтым кірую віншаванні ўсім тым, чыя прафесійная дзейнасць — цяперашняя або будучая — так ці інакш звязана з гэтай вельмі важнай сферай нашага жыцця. Аднак не варта ператвараць тое, што служыць задавальненню патрэбаў, у культ спажывальніцтва.

Ілюстрацыйная выява: Shutterstock.com

Святы Ян Залатавусны кажа:

«Нічога так не шкодзіць духоўным і цялесным вачам чалавека, як прага грошай».

Хтосьці, напэўна, скажа ў адказ, што сёння ніхто не можа абысціся без грошай. І сапраўды, нашае зямное існаванне практычна заўсёды звязана з грашыма: наяўнымі, безнаяўнымі, электроннымі…. Нават калі едзем на рэкалекцыі ці збіраемся ў пілігрымку, трэба мець пры сабе пэўную суму грошай.

Менавіта грошы падзяляюць людзей на багатых і бедных, скупых і шчодрых. І хоць мы добра ведаем, што ахвярнасць насамрэч залежыць не ад памеру ахвяравання, а ад шчодрасці сэрца і гатоўнасці падзяліцца (гл. Мк 12, 41–44), усё адно кожнаму прыемна атрымаць больш.

Багацце і беднасць таксама рэчы адносныя. Здараюцца такія сітуацыі, калі людзі, якія мелі шмат грошай, заставаліся ні з чым, бо не ўмелі імі адпаведна распараджацца. Прыкладам можа паслужыць евангельская прыпавесць пра марнатраўнага сына (гл. Лк 15, 11–32). Той сапраўды багаты, хто ведае, як і на што патраціць грошы, а не той, хто здзіўляецца, куды «знікаюць» велізарныя сумы.

«Вяртанне марнатраўнага сына». Фрагмент. Мастак Рэмбрант ван Рэйн / Wikimedia.org

Такім чынам, кожнаму з нас даводзіцца быць патроху і эканамістам, і бухгалтарам, і тавараведам, каб умець суадносіць свае жаданні з магчымасцямі. Кажуць, што мудрасць распараджацца грашыма заключаецца ў здольнасці адрозніваць тое, што неабходнае і патрэбнае, ад таго, што прыемнае і неабавязковае.

Напэўна, нам, хрысціянам, лягчэй перажываць матэрыяльныя праблемы, бо мы ведаем, што Бог чакае ад чалавека не «залатога начыння», а чыстай душы.

І хоць часамі з-за рэкламы нам нялёгка гэта зразумець і прыняць (нездарма ж кажуць, што «рэклама — рухавік гандлю»), то ўсё роўна хрысціянін, які слухае Слова Божае, ведае лек ад прагавітасці, жадання празмернага багацця, а таму ведае і мэту свайго зямнога жыцця: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам», — кажа Езус (Мц 6, 33).

Ілюстрацыйная выява: Shutterstock.com

І сапраўды, калі мы будзем траціць грошы на тое, што неабходнае, і пры гэтым выканаем запаведзь любові да Бога і бліжняга, а гэта значыць дапаможам чалавеку ў патрэбе, то такім чынам мы дапамагаем самому Езусу (пар. Мц 25, 40).

Цытаваны вышэй святы Ян Залатавусны казаў:

«Жабрак не абражае Бога, а вось злодзей — і Бога і людзей».

У дзяцінстве многія марылі знайсці скарб. Але хтосьці з мудрых старэйшых людзей сказаў малым летуценнікам: «Каб ты знайшоў, хтосьці павінен страціць. А патрэбныя табе гэтыя слезы?..»

Ілюстрацыйная выява. Кадр з мультфільма «Трое з Прастаквашына».

Дарагія браты і сёстры, нішто не робіць чалавека настолькі падданым і залежным ад д’ябла, як сквапнасць і жаданне мець усё больш і больш. На жаль, сённяшні чалавек і свет аж занадта апанаваныя пагоняй за грашыма. Раней так не было. Нават калі і пыталіся адзін у аднога, дзе той працуе, то не для таго, каб даведацца пра сацыяльны статус, а каб лепш пазнаць чалавека, сферу яго інтарэсаў і падтрымаць размову.

Сёння, падчас пандэміі, нават калі ў небяспецы жыццё, замест самаахвярнай дапамогі можна пачуць: «А колькі я за гэта буду мець?» На пытанне: «Ці наведваеш сваіх бацькоў?» у адказ можна не раз пачуць: «Рэдка, бо не пакрываюцца выдаткі на дарогу за тое, што дадуць старыя са сваёй пенсіі і з агароду».

Сумна і сорамна робіцца ад гэтага.

Таму, дарагія сябры, нам трэба перастаць ацэньваць жыццё чалавека, любоў і пашану да бацькоў у грашовым эквіваленце, бо гэтага не купіш ні за якія грошы.

І Бог, і іншы чалавек чакае ад нас не скарбу, а перадусім любові і чыстага сэрца.

Ілюстрацыйная выява: Shutterstock.com

Матэрыяльны дабрабыт таксама важны. Амаль усё жыццё мы клапоцімся пра тое, дзе жыць, у што апранацца, што з’есці, на чым ездзіць, дзе адпачываць. Няхай жа на ўсё неабходнае нам хопіць зямнога «скарбу» — нашага матэрыяльнага набытку, і няхай нашыя жаданні і планы ідуць у рэчышчы нашых фінансавых магчымасцяў. Пры гэтым варта мець яшчэ штосьці на неспадзяваныя выдаткі.

Аднак Валадарства Божае павінна быць у нас на першым месцы, бо калі Бог будзе на першым месцы ў нашым жыцці, то ўсё астатняе будзе на сваім адпаведным месцы.

Жадаю ўсім нам, каб мы памяталі, што грошы — гэта дар і благаслаўленне для тых, хто памятае і клапоціцца не толькі пра сябе.

З малітвай, біскуп Юзаф Станеўскі

Абноўлена 27.07.2020 09:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця