Пошук

04.03.2020 16:46   Тэкст: Ганна і Павел Баярчукі / Фота: з сямейнага архіву / Catholic.by

Сёння мы пазнаёмімся з Арцёмам і Дар’яй, якія дзякуючы «Вечарам для закаханых», арганізаваным рухам «Сужэнскія сустрэчы», лепш пазналі адно аднаго і распачалі свой сумесны шлях у сужэнстве.

Арцём: Пра «Вечары для закаханых» я даведаўся ад аднаго святара. У той час мы ўжо сустракаліся з Дар’яй.

Адразу я скептычна паставіўся да гэтай ініцыятывы, не меў жадання ісці, ды і страшна было пачынаць нейкія сур’ёзныя размовы.

Але пазней сам адчуў жаданне наведаць «Вечары». Адчуў, што хачу развіваць нашыя адносіны.

Адразу рабіць прапанову і браць шлюб я не наважваўся, для мяне гэта было занадта рэзкім і рашучым крокам. Таму я прапанаваў маёй каханай пайсці на «Вечары для закаханых». Яна пагадзілася. Мы з нецярплівасцю чакалі пачатку.

Дар’я: Пра «Вечары для закаханых» я ведала досыць даўно. І дзякуючы публікацыям на Catholic.by, і дзякуючы сябрам, якія ўжо наведвалі гэтыя сустрэчы.

Было і цікава, але і крыху страшнавата ўдзельнічаць у іх самой.

Праўда, калі Арцём прапанаваў прыняць удзел, я з лёгкасцю згадзілася і вельмі чакала пачатку. Пра сябе адзначала, што «Вечары» могуць стаць для нас своеасаблівым тэстам, дапамогуць паглядзець адно на аднаго больш глыбока, стануць каталізатарам у развіцці нашых адносінаў.

Магу адразу сказаць, што ўсе мае спадзяванні спраўдзіліся.

Арцём: Была вясна, толькі прайшоў Вялікдзень, стала больш цёплага сонца, зеляніны і красак, пахаў у паветры — стала больш і рамантыкі. На першым вечары прыемна і нечакана было спаткаць нашых знаёмых, нават не адну пару!

Мяне ўразіла атмасфера прыязнасці, адкрытасці, шчырасці і простага выказвання пачуццяў, дзялення сабой.

Досвед іншых параў, ужо сужонкаў, дапамог мне шырэй і спакойней паглядзець на будучыя цяжкасці.

Дар’я: З першай жа сустрэчы мне вельмі спадабаўся фармат «Вечароў». Кожны вечар час пралятаў хутка і дынамічна. Здаецца, мы не прапусцілі ніводнай сустрэчы. Прыязная атмасфера, сведчанні аніматараў стварылі прастору даверу, адкрытасці і шчырасці.

Мы змаглі паразмаўляць на складаныя і вельмі важныя тэмы, якія ў штодзённным жыцці нават не закраналі.

Арцём: Мне было важна лепш зразумець Дар’ю, але таксама і самога сябе. Роздум над важнымі сферамі нашага жыцця і нашай будучай сям’і, дыялог з маёй каханай, абмеркаванне прыемных і непрыемных, лёгкіх і цяжкіх момантаў надавалі гэтым сустрэчам сапраўднасць і перспектыву.

Я адчуваў давер і напоўненасць.

Дар’я: Пасля сустрэч я адчувала радасць, палёгку і большую блізкасць да Арцёма. З нецярплівасцю і цікавасцю чакала наступных сустрэч.

Падчас усяго перыяду спатканняў заўважыла, наколькі падобна мы глядзім на накаторыя пытанні; а там, дзе маем розныя погляды, умеем дамаўляцца.

Арцём: «Вечары» былі добрым штуршком да самага сур’ёзнага і дарослага кроку ў маім жыцці.

Увосень я зрабіў прапанову Дар’і, і наступнай вясной, таксама пасля Вялікадня, мы ўзялі шлюб. Цяпер мы маладая сям’я, чакаем нараджэння нашага першага дзіцяці.

Рух «Сужэнскія сустрэчы» сардэчна запрашае пары, якія сустракаюцца, кахаюць, шукаюць, плануюць… на «Вечары для закаханых», якія распачнуцца 1 красавіка ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі.

Абноўлена 05.03.2020 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.