У сённяшнім блогу біскуп Юзаф Станеўскі вяртаецца да пытанняў, якія моладзь задала падчас «Дыялогу з Мітрапалітам», і прапануе паглядзець на тое, што хвалюе юнакоў і дзяўчат, з іншай перспектывы.
Любая моладзь, закаханыя хлопцы і дзяўчаты, прывітанне!
Вось і прыйшоў гэты чаканы вамі і вашымі аднагодкамі ва ўсім свеце дзень 14 лютага — успамін святога Валянціна, або Дзень закаханых.
Няма такой дзяўчыны, такога маладога чалавека, якіх бы не хвалявала і не цікавіла ўсё, што з гэтым звязана.
Хтосьці чакае прыгожага і забяспечанага прынца на… не, не на белым, а сёння, хутчэй, на шыкоўным «жалезным кані», з бліскучым заручальным пярсцёнкам на далоні. Хтосьці чакае прыхільнай усмешкі незнаёмай прыгажуні ў адказ на запушчаны, падобна да вострай стралы Амура, камплімент…
Вядома, гэта ўсё рамантычныя вобразы, «ружовыя мары», але кожны жадае — прынамсі, так павінна быць у маладым узросце — сустрэць сваё каханне, свайго чалавека, сваю «палавінку» на ўсё жыццё, каб стварыць сям’ю, свой дом, гадаваць у ім дзетак і жыць у згодзе і дабрабыце. Аднак з вопыту бацькоў, старэйшых сяброў і знаёмых мы ведаем, што жыццё — гэта не байка, і годна яго пражыць — не поле перайсці.
Відаць, нездарма за тыдзень да свята, якое так любіць моладзь, у Чырвоным касцёле ў Мінску прайшла сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і «яго каманды» з моладдзю.
Пытанні, якія задавалі арцыбіскупу юнакі і дзяўчаты, сведчаць пра іх як пра людзей разважлівых і разам з тым здольных марыць. Як бачым, добрым марам моладзі не перашкаджаюць здаровыя каштоўнасці хрысціянскай веры і пабожныя звычаі продкаў. Маладыя католікі пыталіся, ці магчыма быць шчаслівым без веры, без любові, без згоды, без ласкі сакрамэнту, без жадання прыняць новае жыццё…
Дарагія сябры, прапаную вам сёння пашукаць адказу на гэтыя пытанні з крыху іншай перспектывы. Як вам здаецца: ці патрэбны смартфон без доступу да інтэрнэту, а банкаўская картка — без грошай на рахунку? Ці патрэбны каму ровар без колаў ці аўтамабіль без рухавіка?..
Так, дасканалых людзей няма, і мы толькі імкнемся да дасканаласці, таму, магчыма, хтосьці скажа, што можна без чагосьці і абысціся. Аднак гэта ўжо не будзе такім прыгожым, як запланаваў Створца ці канструктар.
Створца жадае нам жыцця прыгожага і плённага, а яно будзе такім толькі тады, калі мы, як у пазлах, складзем усе элементы разам, кожны на сваё месца, прычым своечасова.
Згадзіцеся, запозна дадаваць дрожджы ці разынкі ў цеста, калі печыва ўжо вынята з духоўкі. З іншага боку, мы марым аб новым аўтамабілі, не ўжываным, таксама і пра тэлефон у нашых далонях, каб ён быў новы і запраграмаваны пад наш адбітак пальца.
Сябры, давайце прыгадаем казку пра залатую рыбку, якую кожны з нас чуў.
Чалавек злавіў залатую рыбку, і за тое, каб вярнуцца ў ваду, рыбка была гатовая выканаць любыя яго пажаданні. Аднак чалавек той не пажадаў нічога прасіць у рыбкі, але распавёў пра цуд сваёй жонцы. Тая аказался жанчынай сквапнай і мела шмат жаданняў, але ж… Яна не думала пры гэтым пра патрэбы свайго мужа і іх сям’і, а толькі імкнулася задаволіць сваю прагавітасць і ганарыстасць. У выніку — разбітае карыта…
Часта ў нашым жыцці мы падобным чынам памыляемся, калі лічым, што выкананне жаданняў зробіць нас шчаслівымі нават насуперак Божай волі.
Любыя сябры! Памятаеце, як аднойчы Пан Бог звярнуўся да маладога караля Саламона з прапановаю, каб той прасіў у Яго таго, што яму найбольш патрэбна. І чаго ж папрасіў у Бога разважлівы юнак Саламон? Ён папрасіў аб найважнейшым, што патрэбна каралю: аб мудрасці ў кіраванні. Не аб вечнасці валадарання, не аб багацці і перамозе над ворагамі, а аб мудрасці адрозніваць дабро ад зла, каб ён мог весці народ дарогаю праўды.
І гэта ўжо не байка, а сапраўдная падзея, пра якую нам апавядае Святое Пісанне.
Дарагія дзяўчаты і юнакі!
Ці ведаеце вы, што вам сапраўды патрэбна ў жыцці, чаго вам не хапае для рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання, для шчасця?
Уявіце сабе, што сёння Пан Бог прапануе вам, як і Саламону: «Прасі…»
Ці ведаеш ты, дарагі мой малады сябра, аб чым папрасіць? Ці разважаеш над гэтым пытаннем? Ці будзеш прасіць аб тым, каб Бог адарыў ласкай, ці папросіш лёгкага поспеху без неабходнасці складаць у адно ўсе канструктыўная элементы шчасця: веру, сужэнства, дар бацькоўства?..
Дарагія сябры, адказ даваць вам. Шукайце яго не ў занадта разумных «высокіх матэрыях», а ў сваіх маладых веруючых сэрцах. Святы Ян Павел II казаў моладзі: «Калі нават ніхто ад цябе не патрабуе, ты сам патрабуй ад сябе».
А перад тым, як папрасіць, прыгадайце: ці выканалі тое, што Бог патрабуе ад вас, каб патрабаваць ад Яго тое, што Ён вам абяцаў?
Святы Валянціне, заступнік закаханай моладзі, маліся за іх чыстую любоў, за іх незабруджаныя адносіны. Няхай любоў моладзі нашай Бацькаўшчыны будзе вернай, а жыццё — шчаслівым.