Пошук

23.01.2020 19:22   Тэкст і фота: Ларыса Доўгань / Catholic.by

З кастрычніка мінулага года па просьбе групы вернікаў з дазволу Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Магілёве рэгулярна адбываецца цэлебрацыя святой Імшы ў надзвычайнай форме Рымскага Абраду. Удзельніца Эўхарыстыі на лацінскай мове дзеліцца ўражаннямі ад пержывання ўнікальнага духоўнага вопыту.

Удзел у святой Імшы ў надзвычайнай форме Рымскага Абраду стаў для мяне дотыкам да крыніцы хрысціянства, да скарбніцы каталіцкай веры, непаўторным перажываннем Эўхарыстычнай Ахвяры Хрыста і Яго Касцёла. Я адчула, як у маёй душы адбываецца штосьці важнае, у поўнай меры ўсвядоміла рэальную і сутнасную прысутнасць Хрыста тут і цяпер.

Такое ўражанне, што мая душа знаходзіцца побач з Ім на Алтары.

Усю сакральнасць моманту ў служэнні святара і міністранта я не магу перадаць словамі: гэта трэба перажыць, каб адчуць. Здаецца, што ў Літургіі, нібы ў зярнятку, заключана ўся сутнасць хрысціянства.

У старажытным абрадзе зніклі стагоддзі, што аддзяляюць ад той хвіліны, калі Сын Божы на Кальварыі праліў сваю кроў за мяне, за ўсё чалавецтва. У пэўны момант я нібы «скураю» адчула: Ён тут і цяпер аддае за мяне сваё жыццё.

Імша — гэта цэнтр і кульмінацыя духоўнага жыцця кожнага католіка.

І менавіта на Імшы ў надзвычайнай форме Рымскага абраду, якая цэлебруецца на лацінскай мове, у мяне атрымліваецца максімальна засяродзіцца ў шчырай малітве.

Святар — alter Christus — «другі Хрыстус». Ён складае Найсвяцейшую Ахвяру ў асобе Збаўцы, і гэта выяўляецца ў кожным абрадавым дзеянні. У цэнтры Ён, Хрыстус. Гэтага немагчыма не адчуць ці не ўсвядоміць. І ўбранне алтара, і арнат святара дапаўняюць атмасферу, якая перадае веліч Бога. Надзвычайная форма Рымскага Абраду асаблівым чынам падкрэслівае ні з чым не параўнальную хвалу Пана.

Нягледзячы на выкарыстанне лаціны, зразумела ўсё, што адбываецца: чытанні і Евангелле спачатку гучаць на лацінскай мове, а потым паўтараюцца на беларускай. У імшаліках таксама ёсць пераклад тэкстаў святой Імшы, што дапамагае разумець малітвы. Хоць лаціну філолагі называюць «мёртвай мовай», яна жыве ў гэтай старажытнай форме Літургіі Лацінскага Касцёла.

Асабліва хочацца адзначыць грыгарыянскія спевы, якія выкарыстоўваюцца падчас Імшы ў надзвычайнай форме Рымскага Абраду. Сапраўдны грыгарыянскі спеў можа быць толькі на лаціне, бо арганічна вырас з мелодыкі мовы старажытных рымлянаў. Спевы падкрэсліваюць сакральнасць таго, што адбываецца, не адцягваюць увагу на штосьці іншае. Менавіта такая музыка і такія спевы дапамагаюць мне шчыра перажываць Імшу, знаходзіцца ў Божай прысутнасці, бо найлепш перадаюць урачыстасць і веліч справаў Усемагутнага.

Напэўна, гэта па-свойму адчуваюць усе, хто ўдзельнічае ў святой Імшы. Яны кленчаць побач, і на тварах — узнёслая малітоўная засяроджанасць.

Калі цэнтрам нядзелі становіцца глыбокае перажыванне святой Імшы, гэты дзень ператвараецца ў сапраўднае свята Уваскрасення. І настрой тады ствараецца адпаведны, святочны.

Каб гэта падкрэсліць, я апранаю ўрачыстае і адначасова сціплае адзенне, бо разумею, да Каго іду на сустрэчу. На жанчынах — прыгожыя мантыльі ці проста галаўныя ўборы (хоць строгага прадпісання цяпер няма), на мужчынах — святочныя гарнітуры…

Але самае галоўнае, што «апранулі» на сябе ўдзельнікі Імшы — гэта стрыманая ўсмешка радасці ад прадчування блізкай сустрэчы з Панам у Найсвяцейшай Ахвяры.

Пра тое, як група вернікаў у Магілёве ўдзельнічае ў літургіі святой Імшы ў надзвычайнай форме Рымскага абраду, можна прачытаць на рускай мове на сайце Dominus.by.

Абноўлена 24.01.2020 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа