Пошук

05.12.2019 14:12   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Як зазначыў у сёлетнім пасланні на Адвэнт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гэты час вельмі хутка мінае, таму сёння мы нагадаем пра Рараты — адну з важных адвэнтавых традыцый, якія дапамагаюць нам падрыхтавацца да сустрэчы Збаўцы.

Што такое «Рараты»?

Рараты — гэта вельмі папулярнае адвэнтавае набажэнства. Так называецца ватыўная святая Імша на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі ў перыяд Адвэнту. Ватыўная Імша азначае, што яна цэлебруецца з выкарыстаннем асаблівых малітваў і літургічнага адзення, адрозных ад прадпісаных на гэты дзень. Гэта дазваляецца рабіць з важнай нагоды або дзеля пабожнасці вернікаў.

На Раратнай святой Імшы ўжываюцца малітвы пра Маці Божую, літургічнае адзенне белага колеру, а таксама спяваецца гімн «Хвала на вышынях Богу», паколькі гэтая цэлебрацыя носіць урачысты характар. Гэтая Імша традыцыйна цэлебруецца вельмі рана на світанні.

Назва паходзіць ад старажытнага літургічнага спеву на ўваход, які на лацінскай мове пачынаецца словамі Rorate Cœli desuper — «Крапіце, нябёсы, расу з вышыняў», узятымі з кнігі прарока Ісаі (пар. Іс 45, 8).

Калі адбываюцца Рараты?

Рараты — гэта набажэнства, якое адбываецца ў перыяд Адвэнту. Гэтыя Імшы цэлебруюцца толькі ў будні, а ў нядзелі такія цэлебрацыі забаронены.

Як ужо адзначалася, традыцыйна Рараты адбываюцца на світанні. Гэта звязана з асаблівым характарам літургічнага перыяду, якім з’яўляецца Адвэнт.

Гэта час радаснага чакання прыйсця Хрыста, калі асабліва важным становіцца чуванне, унутраная падрыхтоўка, гатоўнасць сустрэць Збаўцу. Акрамя таго, Марыю хрысціянская пабожнасць называе «Заранкаю», ранішняю зоркаю, якая прадвяшчае ўзыход сапраўднага Сонца — Нараджэнне Хрыста.

Аднак сёння ў многіх касцёлах ватыўныя Імшы на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі з выкарыстаннем Раратнай сімволікі адбываюцца таксама ўвечары. Гэта тлумачыцца тым, што не ўсе вернікі, якія хацелі б удзельнічаць у Раратнай Імшы, могуць зрабіць гэта раніцай. Літургічнымі прадпісаннямі гэта не забараняецца, хоць пры гэтым губляецца сам дух Раратаў, знікае элемент чування і крыху недарэчна выглядае прыгожая традыцыя Раратных свечак і ліхтарыкаў.

Што такое Раратная свечка і ліхтарыкі?

Практычна ў кожным касцёле падчас Адвэнту можна ўбачыць вялікую прыгожую свечку, якая нагадвае Пасхал, але адрозніваецца ад яго марыйнай сімволікай. Гэтая свечка сімвалізуе Панну Марыю, якая носіць пад сэрцам спрадвечнае Святло — Збаўцу свету: сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека.

Зазвычай Рараты распачынаюцца пры выключаным святле. Святыня асвятляецца толькі агеньчыкамі свечак, якія таксама прыносяць з сабою вернікі.

У многіх парафіях дзеці з дапамогаю бацькоў і катэхетаў рыхтуюць ліхтарыкі, з якімі прыходзяць раніцай на Раратную Імшу. Калісьці гэтыя ліхтары асвятлялі людзям дарогу да касцёла на досвітку доўгай зімовай ночы.

Святло падчас Раратнай святой Імшы запальваецца падчас гімну «Хвала на вышынях Богу».

Колькі працягваюцца Рараты?

Паколькі Рараты — гэта звычайная Імша, можна разлічваць, што яна будзе працягвацца 30–45 хвілін. Гэта важна мець на ўвазе тым, хто пасля Раратаў спяшаецца на працу або на вучобу.

Такім чынам, у перыяд Адвэнту варта зрабіць высілак і пастарацца прынамсі час ад часу браць удзел у Раратных Імшах, лепш за ўсё менавіта раніцай.

Гэта дапаможа напоўніць перыяд Адвэнту духам чування і малітвы, каб праз заступніцтва Панны Марыі — Маці адвэнтавага чакання — годна падрыхтавацца да сустрэчы Збаўцы ў святкаванні Божага Нараджэння.

Абноўлена 05.12.2019 14:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця