У першы дзень каляндарнай зімы сёлета распачнецца Адвэнт. Усяго некалькі дзён застаюцца да пачатку гэтага перыяду радаснага чакання Збаўцы.
Традыцыйна перад пачаткам Адвэнту ладзяцца «Андрэйкі» — вясёлыя забавы, што зазвычай супадаюць па часе са святам святога Апостала Андрэя.
Адвэнт — гэта не пасіўнае чаканне, а час духоўнай падрыхтоўкі, калі вернікі, рыхтуючыся да сустрэчы дарагога Госця — Хрыста, наводзяць парадак у жыцці і ў сваіх сэрцах, каб годна прыняць у іх Нованароджанага Збаўцу свету.
Хоць святы Божага Нараджэння паўтараюцца штогод, аднак кожнае з іх набліжае нас да другога Прыйсця Хрыста і да сустрэчы з Ім у вечнасці. Таму варта памятаць, што час ідзе і нельга яго змарнаваць.
Перыяд Адвэнту — вельмі кароткі: сёлета ён складае 24 дні — крыху больш за тры тыдні.
Каб нейкім чынам выкарыстаць кожны дзень на падрыхтоўку да сустрэчы Збаўцы, мы рыхтуем адмысловыя адвэнтавыя календары. Пра тое, як можна змайстраваць такі каляндар у сваёй сям’і, у хатніх умовах, распавёў супрацоўнік парталу Catholic.by Ілья Лапато.
А вось у мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля ў мікрараёне Серабранка, якой духоўна апякуюцца салезіяне, з 1 па 30 лістапада нават праводзіцца конкурс адвэнтавых календароў.
У конкурсе ўзялі ўдзел трынаццаць сем’яў, і цяпер адбываецца інтэрнэт-галасаванне, якое і вызначыць пераможцу.
Дарэчы, прагаласаваць за каляндар, які найбольш да спадобы, можаце і вы ТУТ>>>, а ўзнагароджанне пераможцы адбудзецца ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Мінску ў Першую нядзелю Адвэнту 1 снежня пасля Імшы на 10.00.
Прапануем звярнуць увагу на творчасць нашых братоў і сясцёр: тое, што яны зрабілі, выглядае цікава і нетрывіяльна.
Можа, іх календары натхняць і вас на тое, каб зрабіць свой уласны адвэнтавы каляндар.
Хоць ён і не будзе прадстаўлены на конкурсе, аднак дакладна дапаможа вам і вашай сям’і лепш падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння і годна сустрэць Збаўцу.
Пра іншыя традыцыі, звязаныя ў Касцёле з Адвэнтам, можна даведацца ТУТ>>>