2 снежня ў Паўсюдным Касцёле распачынаецца Адвэнт. Гэты перыяд падрыхтоўкі да Нараджэння Пана багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі. Пры гэтым кожны народ і краіна маюць штосьці адметнае.
Разгледзім традыцыі Адвэнту больш падрабязна.
Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша (Рараты) у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якую звычайна цэлебруюць на світанні.
З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло.
Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з’яўляюцца раратнія ліхтарыкі. Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвятліць змрок.
Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў.
Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з'яўляецца адвэнтавы вянок. Гэты звычай паходзіць з Германіі. Пратэстанцкая духоўная асоба, тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сіротаў.
У Адвэнце 1839 года ён зрабіў вянок, каб стварыць атмасферу, якая садзейнічала б малітве. Па краях кола (дыяметрам у два метры) Віхэрн размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка падапечныя Віхэрна штодня збіраліся на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы. Хутка звычай адвэнтавых вянкоў распаўсюдзіўся па іншых гарадах Германіі і ўсёй Еўропы.
Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыйсця Хрыста.
Першая свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцы. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраэльскага народу, як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал вучэння прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі.
Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага народа, які чакае ў радасці і любові прыходу Збаўцы ў свет.
Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чуванне, у Беларусі толькі пачынае набіраць моц — гэта адвэнтавы каляндар. ТУТ>> мы расказвалі, як можна змайстраваць яго ў хатніх умовах.
Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзяванкай з’явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Гісторыя такіх календароў распачалася ў XVII ст.
Найбольш традыцыйнай формай календара з’яўляецца скрыначка з акенцамі па колькасці дзён Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзецям (ды і дарослым) можна толькі раз на дзень пасля таго, як зрабіў добры ўчынак.
Якімі б прыгожымі ні былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць Божае Нараджэнне.