Біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу сёння запрашае моладзь, якая пакінула бацькоўскі дом, паразважаць над сэнсам свабоды і над тым, як далей падтрымліваць адносіны са сваімі бацькамі.
Любая моладзь, дарагія браты і сёстры!
Яшчэ нядаўна мы з вамі перажывалі хвіліны, калі прыйшоў час «пакідаць гнёзды свае», і разважалі над жыццём па-за бацькоўскім домам…
Памятаеце, была гаворка пра тое, што правільна паступаюць тыя бацькі, якія дазваляюць сваім дзецям у адпаведны час распачаць працэс сталення, а гэта значыць меркаваць, адчуваць і выбіраць самастойна.
Многія юнакі і дзяўчаты, напэўна, узрадаваліся гэтаму: «Вось яна, свабода!»
Сапраўды, кожны чалавек з самага пачатку імкнецца да свабоды, і пра гэта нас навучае апостал Павел:
«Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі»
(Гал 5,1).
А святы Ян Павел II скажа: свабода з’яўляецца не палёгкай, а цяжкай працай велічы. Таму, паводле Святога Айца, свабода мае сваё вымярэнне ў магчымасці служэння іншаму чалавеку і ў самаахвярным адмаўленні ад сябе. На думку святога, толькі такое разуменне свабоды з’яўляецца творчым, будуе нашую чалавечнасць, будуе адзінства паміж людзьмі — будуе і яднае, ніколі не ўносіць падзелу.
Дарагія сябры, на жаль, няправільнае разуменне дзецьмі таго, што такое на самай справе свабода, нярэдка даводзіць бацькоў да слёз.
І я бачыў гэтыя бацькоўскія слёзы.
Падчас візітацыі ў размове аднойчы пачуў: «Мая дачка яшчэ ні разу не прыехала дадому пасля таго, як паступіла на вучобу. А па тэлефоне сказала: „Хопіць мяне павучаць: я сама буду вырашаць, як мне жыць — удосталь наслухалася папрокаў!“»
Сумная гісторыя, абмытая слязамі матулі…
Любая моладзь! Не да такой свабоды заклікае галатаў і нас з вамі святы апостал Павел. Гэта тлумачыць аўтар Паслання да Габрэяў: «Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына».
І далей:
«Цяпер усялякае пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала».Мэтай пакарання Пана з’яўляецца дасягненне намі святасці: «Карае нас дзеля дабра, каб мы мелі ўдзел у Яго святасці» (пар. Гбр 12, 5–11).
Таму звяртаюся да «пакрыўджаных»: паяднайцеся, не засмучайце сваіх бацькоў, не раньце іх сэрца, не даводзьце да слёз. Хтосьці сказаў: «нянавісць — гэта змарнаваная любоў, а прабачэнне — гэта не прыкмета слабога характару, а праява мужнасці сэрца».
Я вярнуўся ўжо: не сумуй, дарагая,
прытулі як тады, калі йшоў я ў свет,
наталі цеплынёй, адары сына дарам спакою
і дазволь у бацькоўскі дом увайсці.
Дарагі сябра, будзь мужным у прабачэнні, аздараві сваю сыноўскую любоў!