Пошук

16.10.2019 15:15   Тэкст: біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: pinterest.com

Звяртаючыся да сваіх маладых сяброў, біскуп Юзаф Станеўскі, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце з’яўляецца адказным за моладзь, у сённяшнім сваім допісе дзеліцца думкамі пра сяброўства і сяброў.

Ёсць сябры, як ежа — кожны дзень ты маеш патрэбу ў іх. Ёсць сябры, як лекі — калі табе дрэнна, ты шукаеш іх. Ёсць сябры, як хвароба — яны самі цябе знойдуць. Ёсць сябры, як паветра — іх не відаць, а яны заўсёды побач з табой.

Ілюстрацыйнае фота: pics.ru

Любая моладзь, мае дарагія сябры, гэтыя вобразныя параўнанні рознага тыпу сяброў выводзяцца з назіранняў нашага штодзённага жыцця. Вядома, гэтых тыпаў нашмат больш, і такія параўнанні можна працягваць, але не гэта важна.

Вы, пакінуўшы «гнёзды свае», ужо, напэўна, паспелі крыху «абжыцца» на новым месцы.

Некаторыя ўжо нават знайшлі дарогу да касцёла, пачалі хадзіць на моладзевыя сустрэчы.

Дарэчы, дзякуй за цёплую атмасферу тым з вас, каго я сустрэў у мінскай катэдры!

Фота Віталія Палінеўскага.

На жаль, няшмат тых, хто нават у маладым узросце лёгка расстаецца з утульнай канапай і крэслам, каб падзяліцца багаццем сваёй веры. Аднак чалавек не можа жыць у самоце: кожнаму патрэбны суразмоўца, той, з кім ёсць пра што пагаварыць. Далёка не кожны пераехаў на новае месца разам са старымі сябрамі, якія паступілі ў тую самую навучальную ўстанову ці прынамсі ў той самы горад.

Ідучы па жыцці, мы знаёмімся з новымі людзьмі, і некаторыя з іх становяцца нашымі новымі сябрамі. Гэта не значыць, што мы адразу ж павінны забыцца пра сяброў дзяцінства і аднакласнікаў, хоць жыццё павяло нас далей рознымі сцежкамі.

Народная мудрасць кажа: «Не май сто рублёў, а май сто сяброў», таму гэтага скарбу, якім з’яўляюцца сапраўдныя сябры, зашмат сапраўды ніколі не бывае.

Што такое сяброўства? Пра гэта можна прачытаць вялікі артыкул на Вікіпедыі і нават знайсці акрэсленне гэтага паняцця. Сяброўству прысвечаны не адзін раман, узяць хоць бы славуты твор Аляксандра Дзюма «Тры мушкецёры», у якім аўтар распавядае пра сяброў-мушкецёраў — штопраўда, чатырох — вясёлых і адважных, якія заўсёды разам пераадольваюць цяжкасці.

Кадр з фільму «Д'Артаньян и тры мушкецёры». Адэская кінастудыя, 1978 г.

А Аляксандр Твардоўскі ў паэме «Васіль Цёркін» сяброўства называе святым:

Свет прайдзі, нідзе не знойдзеш!
Не ўдалося бачыць мне
Дружбы той святой і чыстай,
Што бывае на вайне.

Ілюстрацыйнае фота: Ay.by

Мае дарагія маладыя сябры, вось што на тэму сяброўства гаворыць вам папа Францішак у пятым раздзеле Апостальскай адгартацыі «Хрыстус жыве»:

«Сяброўства — гэта не мімалётныя і часовыя адносіны, але трывалыя, сур’ёзныя, верныя, якія ўмацоўваюцца з цягам часу. Гэта пачуццёвыя адносіны, якія дапамагаюць нам адчуць з’яднанне і адначасова з’яўляюцца шчодрай любоўю, якая прымушае нас клапаціцца пра дабро сябра. Хоць сябры могуць вельмі адрозніваюцца паміж сабою, але заўсёды ёсць нешта агульнае, што дазваляе ім адчуваць блізкасць, ёсць цесная сувязь, са шчырасцю і даверам» (ChV 152).

Не бывае былых сяброў: калі сяброўства сапраўднае, дык да канца. Моц і сапраўднасць сяброўства пазнаецца ў бядзе.

Сябра, які перастаў быць сябрам, насамрэч ніколі ім і не быў.

Пацалунак Юды. Фрагмент фрэскі. Мастак Джота дзі Бандонэ.

Аднак часта бачыцца і нават дапамагаць адно аднаму яшчэ не азначае быць сябрамі. Чарапаха, якая плыве праз раку, везучы на панцыры гадзюку, плыве сабе і разважае: «Як жа мне цяжка цягнуць гэтую гадзюку! Скінула б яе, каб утапілася, але ж нельга, бо паспее ўджаліць». Гадзюка ж, седзячы на спіне чарапахі, думае: «Як жа марудна плыве гэтая чарапаха! Уджаліла б яе, але ж нельга, бо ўтопіць».

Сябры мае, выпрабаванне сяброўства — гэта працэс ачышчэння, які дапамагае нам сталець. Адносіны з сябрамі вучаць нас быць адкрытымі, разумець іншых людзей, клапаціцца пра іх, выходзіць па-за вузкую сферу свайго камфорту, дзяліцца жыццём з іншымі. Вось чаму старажытны мудрэц прарочымі вуснамі кажа, што «вернаму сябру няма цаны» (пар. Сір 6, 15).

Сяброўства — гэта дар жыцця і дар Бога, якім трэба даражыць.

Таму за папам Францішкам і я таксама заклікаю вас да сяброўства з Езусам, бо Ён ніколі не пакіне нас, хоць часам здаецца, што Ён маўчыць. Калі мы маем у Ім патрэбу, Ён дазваляе нам знайсці сябе (пар. Ер 29, 14); Ён з намі, куды б мы ні пайшлі (пар. Нав 1.9). Ён ніколі не парушае дадзенае слова — свой запавет — і толькі просіць, каб і мы не пакідалі Яго: «Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас» (Ян 15, 4). Калі ж мы адракаемся, Ён, тым не менш, застаецца верным, бо ад самога сябе адрачыся не можа (пар. 2 Цім 2, 13).

Ілюстрацыйнае фота: pinterest.com

Любая моладзь, дарагія мае сябры. Прашу і заклікаю вас да дабравольнага, свядомага сяброўства з Езусам. Калі кагосьці з вас палохае, што ўжо даўно з Ім не сустракаўся, не звяртаўся да Яго, то раю распачаць сустрэчу з малітвы — шчырай даверлівай размовы з Ім.

З сябрамі мы размаўляем, дзелімся з імі самымі асабістымі справамі. З Езусам мы таксама размаўляем як з самым блізкім Сябрам.

Малітва — гэта «выклік і прыгода», як зазначае Святы Айцец Францішак у скіраванай моладзі адгартацыі. Малітва дазваляе нам штораз лепш пазнаваць Езуса, дазваляе ўвайсці ў Яго глыбіню і ўзрастаць у еднасці з Ім. Малітва дазваляе нам сказаць Яму ўсё, што з намі адбываецца, і з даверам даручаць Яму сябе саміх і свае справы.

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Сяброўства з Езусам адорвае нас каштоўнымі момантамі блізкасці і любові, якія перажываем перадусім у малітве. Калі молімся, прысвячаем Яму свой час і даем Яму месца ў нашай жыццёвай прасторы, каб Ён мог дзейнічаць, каб мог увайсці і нам дапамагчы.

У Евангеліі паводле Яна Езус скажа:

«Я ўжо не называю вас слугамі. Я ж называў сябрамі вас»

(Ян 15, 15).

Вучні пачулі заклік Езуса да сяброўства з Ім. Гэта было запрашэнне, а не прымус; гэта была далікатная прапанова для іх свабоды: «Ідзіце і ўбачыце», — сказаў Ён ім, і яны «пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень» (пар. Ян 1, 39).

Любая моладзь, дарагія сябры, распачніце прыгоду з Езусам, пазнайце сапраўднага Сябра!

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Абноўлена 16.10.2019 21:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця