Пошук

11.08.2019 10:53   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Цудоўнае насычэнне мноства народу. Роспіс у храме Хрыста Збаўцы ў Маскве. Мастак Васіль Несцярэнка.

Біскуп Юзаф Станеўскі ў чарговым допісе ў сваім блогу яшчэ раз вяртаецца да тэмы хлеба, што з’яўляецца сімвалам усім Божых дароў, неабходных чалавеку для жыцця.

Мае дарагія сябры, браты и сёстры!

Вось зноў мы сочым за жнівом: яшчэ крыху часу, і залатыя палі збожжа зменяць свой узор. Гэты працэс адбываецц аднолькава з году ў год, змяняецца толькі тэхналогія жніва (калісьці — касой і сярпом, сёння — камбайнам), а хлеб заўсёды той самы: наш, не мой.

Фота Паўла Данілава «Вёска Бракаўшчына. Жніво» / zara.by

Таму кожны чалавек мае абавязак хлеб берагчы і шанаваць як супольнае багацце, якім, аднак, належыць дзяліцца з патрабуючым.

Менавіта пра гэта ў малітве «Ойча наш» Езус вучыць нас, калі наказвае, каб мы прасілі хлеба не толькі для сябе, але для ўсіх людзей: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння».

Папа Францішак у сваім разважанні над малітвай «Ойча наш» паказвае больш шырокае значэнне слова «хлеб». Па словах Пантыфіка, «хлеб» — гэта таксама вада, лекі, дом, праца… Словам, чалавек — істота несамадастатковая, чалавечы лёс залежыць ад Бога, іншага чалавека і «маці-зямлі», якая родзіць хлеб для нас, сваіх дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота: wallpaperswide.com

Калісьці Езус звярную ўвагу Апоталаў на гэтую тэму ў словах:

«Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае»

(Мц 18, 3).

Можа, Езус сказаў так пасля размнажэння хлеба, пра якое ўспамінае святы Ян Евангеліст. Дарэчы, толькі ў Евангеллі паводле святога Яна пры ўзгадванні цуду размнажэння хлеба гаворка ідзе пра хлопца, які мае хлеб: «Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?» (пар. Ян 6, 9).

Ілюстрацыйнае фота: szohve.org

З далейшага апавядання мы ведаем, што і гэтага хапіла.

Дзякуючы хлопцу, які падзяліўся хлебам, Езус накарміў тысячы слухачоў, так што нават засталіся рэшткі, якія Ён наказвае сабраць (гл. Ян 6, 12–13).

Размнажаючы хлеб, які Яму далі, Езус апярэдзіў прынясенне сябе самога ў ахвяру ў Эўхарыстычным хлебе. Бо па-сапраўднаму толькі Эўхарыстыя можа наталіць бясконцы голад і жаданне Бога, якое мае кожны чалавек, у тым ліку ў пошуку штодзённага хлеба.

Размнажэнне хлябоў. Выява: pravmir.ru.

Дарагія браты і сёстры, мне здаецца, што сапраўдны цуд, які ў той дзень учыніў Езус, — гэта не столькі размнажэнне хлеба, якое было сапраўдным, але адкрыццё-дзяленне з другім: «Дайце тое, што маеце». З вялікаю верагоднасцю мы можам меркаваць, што хлеб у той дзень меў кожны са слухачоў Езуса (бо кожны, хто ў тыя часы выбіраўся ў дарогу, браў з сабой хлеб і ваду), аднак трымаў яго схаваным для сябе. Кажуць, менавіта так рабілі дарослыя і больш вопытныя людзі.

Таму ў той дзень Езус сваёй малітвай да Айца Нябеснага не столькі размножыў хлеб, колькі адкрыў сэрцы слухачоў перад патрэбай дзялення хлебам з бліжнім; паказаў, што важна, каб хлеб быў любоўю.

Хлопец з Евангелля зразумеў навуку малітвы «Ойча наш», што хлеб — гэта не прыватная ўласнасць, а дар Божага провіду, якім трэба дзяліцца.

Калі «хлеб» будзе любоўю, а любоў будзе «хлебам», то тонны хлеба штодзённага не трапяць на сметнікі, а лекары не будуць сваім пацыентам раіць адмовіцца ад спажываняя хлеба.

Ілюстрацыйнае фота: pexels.com

Дзякуем хлебаробам за іх працу, за вялікі, духмяны каравай нашага беларускага хлеба.

І яшчэ адно.

Пан Бог турбуецца пра сваё стварэнне, корміць яго ў свой час.

Датычыцца гэта асабліва дзікай прыроды: звяроў, птушак… Аднак жа ніводнай з іх Бог не сыпле зерне ў гняздо. Таму калі мы здабываем «хлеб»  сваёй працай і добра гэта адчуем, то будзем больш цаніць яго і тых, хто працуе дзеля нашага дабрабыту.

Ілюстрацыйнае фота: ptushki.org

Абноўлена 11.08.2019 22:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця