Браты і сёстры, распачалося жніво — гарачая пара для хлебаробаў. Залацістыя нівы збожжа не доўга цешылі нашае вока і, напэўна, хацелася б затрымаць гэтую прыгажосць залатога мора калосся.
Многія робяць фотаздымкі на фоне спелага збожжа, асабліва такога роду пейзаж даспадобы маладым. Чаму? Адказ можа быць просты — гэта прыгожа. Аднак мы скіроўваем наш позірк не на прыгажосць, якая заўтра знікне, пакінуўшы толькі калючую пожню, а на зерне, якое праз мазольную працу чалавека ператвараецца ў свежы бохан пахучага штодзённага хлеба.
«Хлеб усяму галава», — казалі нашыя продкі. Кроячы за абедам новы бохан хлеба, бацька ці маці найперш на бохане рабілі знак крыжа і толькі пасля гэтага разразалі на скібкі. Да хлеба ставіліся з вялікай пашанай. Крышынкі хлеба збіраліся, сухую скарынку захоўвалі для прыгатавання печыва; калі ж луста хлеба падала долу, яе падымалі і з пашанай цалавалі.
Дарагія! Прыгадаем эпізоды з публічнай дзейнасці Пана Езуса, а асабліва цуд памнажэння хлеба.
Езус памножыў хлеб, каб наталіць голад людзей, абраўшы хлеб як найбольш чаканую і вядомую ежу.
Евангелісты падрабязна занатавалі падзеі тых часоў: шмат людзей, адчуванне голаду, пяць хлябоў, две рыбіны, зялёная трава, малітва Езуса і цуд памнажэння, усе накормленыя, заданне выканана, можна скончыць прыпавесць. Але гэта не ўсё.
Евангелісты занатавалі яшчэ адно дзеянне ў прыпавесці: «Усе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў хлеба» (пар. Мц 14, 20), — пры другім памнажэнні хлеба евангеліст Мацвей занатаваў: «Набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў» (пар. Мц 15, 37).
Запісаў гэта і евангеліст Лука: «Насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў» (пар. Лк 9, 17). Евангеліст Марк зазначыў яшчэ і пра збор рыбін: «І сабралі дванаццаць кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы» (пар. Мк 6, 43). Збіраюць рэшткі хлеба, не выкідаюць, не топчуць — шануюць хлеб.
Дарагія, падчас Апошняй Вячэры Езус бярэ хлеб, каб перамяніць яго ў сваё Цела, каб быць прысутным з чалавекам кожны дзень і наталяць яго сваёй фізічнай і духоўнай сілай.
Папа Бэнэдыкт XVI на гэтую тэму разважаў наступным чынам: «Эўхарыстыя — гэта іншы хлеб. Не мы яго засвойваем, а Ён нас засвойвае, бо мы становімся падобнымі да Хрыста, яднаемся з Ім. А святы Павел кажа: „Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць Хлеб, адно Цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба“».
Дарагія браты і сёстры. Мы ўсе саўдзельнікі аднаго «штодзённага хлеба» незалежна ад веравызнання, бо гаворка тут менавіта аб штодзённым хлебе, якім жыве кожны чалавек.
Нядаўна па тэлевізары я бачыў праграму, дзе расказвалі аб тым, што людзі выкідаюць на смецце. На жаль, як зазначыў рэпарцёр, штодзень на сметнік трапляюць тоны хлеба. Ці мы забагата жывём, ці апетыту не маем, ці не ведаем, колькі нам хлеба патрэбна на дзень? Няўжо людзі страцілі пашану да хлеба?
Дарагія браты і сёстры! Не выкідайце хлеб, збірайце яго — зімой птушак накорміце, паедзеце на вёску па малако да бабулі — кароўцы дасцё. Не тапчыце хлеб, беражыце яго.
У «штодзённы хлеб» на нашым стале чалавек уклаў сваю душу, каб мы не адчувалі голаду.
Ойча наш, давай нам штодзённага хлеба, каб не адчувалі мы голаду; навучы нас дзяліцца ім з патрабуючымі, сцеражы нас ад неўшанавання людской працы, а найперш дай нам зразумець вялікую вагу хлеба, які абраў Твой Сын Езус Хрыстус як знак сваёй прысутнасці сярод нас.
Зычу ўсім удосталь духмянага хлеба на стале і каб да хлеба не было ў нас ні ў чым нястачы.