5 ліпеня 2319 пілігрымаў пешкі і на роварах прыбылі ў Нацыянальны санктуарый у Будславе, каб прыняць удзел у штогадовай урачыстасці ў гонар Маці Божай.
Сёння кожны вернік лёгка можа знайсці дарогу ў Будслаў, каб узяць удзел у фэсце, які з’яўляецца прызнанай ЮНЕСКА часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сучасныя тэхнічныя сродкі падкажуць геаграфічнае знаходжанне Будслава, пададуць расклад грамадскага транспарту, пракладуць аўтамабільны маршрут.
Аднак такая магчымасць у вернікаў была не заўсёды. Пасля з’яўлення ў XVII ст. сярод пушчы на берагах ракі Сэрвач цудадзейнага абраза Маці Божай, навіна аб Яе ласках вернікам распаўсюдзілася па ўсёй беларускай зямлі і за яе межамі. Людзі хацелі звярнуцца з малітвамі да Маці Божай у месцы, якое Яна сама выбрала.
Але як было знайсці сярод балотаў і запаветных лясоў тое маленькае паселішча Буда, заснаванае манахамі бэрнардынамі, куды нават і дарогі тады не было?
Першая карта, на якой упершыню былі падрабязна пазначаны населенныя пункты на беларускіх землях, убачыла свет у 1613 г. На ёй можна было знайсці раку Сэрвач і населеныя пункты Сэрвач і Даўгінава. Паселішча бэрнардынаў пазначана на карце не было. Пілігрымам даводзілася разлічваць толькі на дапамогу Бога і сустрэчных людзей.
У сярэдзіне 1650 г. прэлатам будслаўскага бэрнардынскага кляштара Элеўтэрам Зеляевічам у Вільні на польскай мове была апублікавана кніга пад барочнай назвай «Задыяк на зямлі нябесны, або Будская пушча ласкамі Божымі агорнутая, якія людзі адчуваюць пры цудоўным абразе Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў касцёле айцоў бэрнардынаў». Адна з частак гэтай кнігі была прысвечана цудам абраза Маці Божай з галоўнага алтара касцёла ў Будславе, якія адбываліся з 1617–1650 гг.
Аднак кніга Элеўтэра Зеляевіча мае і іншыя цікавыя сюжэты з гісторыі фарміравання і жыцця санктуарыя ў Будславе.
Напрыклад, у ёй былі апублікаваныя першыя ў гісторыі прыродна-геаграфічныя дадзеныя пра Будслаў.
Аўтар кнігі папярэджвае пілігрымаў аб непраходных дзікіх месцах, у якія амаль не ступала нага чалавека: «Дзе перад гэтым у глухіх лясах і глыбокіх рэках драпежныя мядзведзі, ваўкі і іншая дзікая нечысць сялілася, там узнік касцёл Пана; дзе чуваць рык страшных звяроў і енк савы, там пры тым бедным касцёле аздараўляюцца слабыя, храмыя, эпілептыкі, нямыя, з калтунамі, юродзівыя, удараныя маланкай, вязні і іншыя пакутнікі».
Элеўтэр Зеляевіч таксама падаў і першыя геаграфічныя каардынаты месцазнаходжання касцёла ў Будславе: 2 мілі ад Крывічоў, 3 мілі ад Ваўкалаты, 2 мілі ад Параф’янава, 2 мілі ад Даўгінава.
Аўтар пералічыў усе касцёлы і населеныя пункты, якія ўваходзілі ў Даўгінаўскі дэканат. Менавіта да яго тэрытарыяльна належаў касцёл у Будслаўскай пушчы. Пілігрымы маглі спыніцца ў іх на начлег. Элеўтэр Зеляевіч адзначыў і асаблівасць дарогі ў Будслаў: неабходна было пераехаць мноства мастоў.
Для таго, каб пілігрымам было лягчэй арыентавацца на мясцовасці, аўтар размясціў гравюру ў кнізе. Яна стала не толькі падабенствам карты для падарожнікаў, але і першым малюнкам каменнага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаванага ў Будславе ў 1643 г.
Кніга Элеўтэра Зеляевіча дапамагала цэлым пакаленням вернікаў у няпростым, але поўным надзеі і веры вандраванні да святыні.
З года на год у Будслаў стала прыбываць усё больш пілігрымаў. Паселішча паступова ператварылася ў мястэчка, якое, нарэшце, пачалі наносіць на карты.
...І вось ужо не адно стагоддзе пілігрымы зноў і зноў імкнуцца ў Будслаў, каб укленчыць перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, просячы Яе памятаць пра іх у сваім матчыным сэрцы.