10 жніўня адбудзецца надзвычайнае адкрыццё Турынскай Плашчаніцы, прымеркаванае да італьянскай сустрэчы моладзі. З 1578 г. Плашчаніца выстаўлялася ўсяго 11 разоў.
Больш за 2 тыс. маладых людзей з 17 дыяцэзій П’емонта і Валь-д’Аоста будуць маліцца перад хрысціянскай святыняй. Адарацыя каштоўнай іконы збаўчай мукі Хрыста будзе папярэднічаць пілігрымцы моладзі ў Рым, дзе 11 і 12 жніўня юнакі і дзяўчаты прымуць удзел у сустрэчы з папам Францішкам.
Надзвычайнае адкрыццё Плашчаніцы не будзе такім жа маштабным як, напрыклад, выстаўленне рэліквіі падчас юбілейнага года, але моладзь атрымае магчымасць правесці адарацыю ў непасрэднай блізкасці да Плашчаніцы.
Для малітвы перад святым палатном былі падрыхтаваныя тэксты ў фармаце электроннай кнігі.
У Турын маладыя італьянцы прыйдуць і прыедуць у пілігрымцы са сваіх дыяцэзіяльных санктуарыяў і важных для мясцовага Касцёла месцаў. Па дарозе яны будуць затрымлівацца, каб здзяйсняць справы міласэрнасці, між іншым, дапамагаючы пажылым людзям.
У ноч на 10 жніўня моладзь адправіцца з Турына ў Рым, дзе пройдзе сустрэча Святога Айца з маладымі людзьмі з усёй Італіі. Нацыянальная моладзевая пілігрымка пройдзе ў межах падрыхтоўкі Касцёла да кастрычніцкага Сіноду Біскупаў на тэму моладзі. Чакаецца, што ў жнівеньскай сустрэчы з Папам прымуць удзел больш за 50 тыс. маладых людзей.
З 1578 г., калі Турынская Плашчаніца была перанесена з Шамберы (Францыя) ў Турын, яна выстаўлялася ўсяго 11 разоў, апошні раз у 2013 г.
Нягледзячы на тое, што арганізаваная для моладзі адарацыя не з’яўляецца тым жа самым, што публічнае адкрыццё хрысціянскай рэліквіі, гэта ўнікальная і непаўторная ініцыятыва.