7 кастрычніка ў Польшчы прайшла масавая акцыя «Ружанец на межах», у якой прынялі ўдзел сотні тысяч католікаў па ўсёй краіне.
Як паведамляе Тhe New York Times, ініцыятарам акцыі выступіла грамадская арганізацыя свецкіх католікаў Solo Dios Basta Foundation, якую падтрымаў Каталіцкі Касцёл.
Мэта акцыі — малітва аб выратаванні Польшчы і свету. І, хоць афіцыйна пра гэта не заяўлялася, аднак многія ўдзельнікі малітвы ўспрынялі яе як свайго роду дэманстрацыю супраць секулярызацыі краіны і распаўсюджвання ісламу ў Еўропе.
«Польшча знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны засцерагчы нашыя сем’і, нашыя дамы, нашую краіну ад самых розных пагроз, у тым ліку ад дэхрысціянізацыі нашага грамадства, якую нам хочуць навязаць лібералы з Еўрасаюза», — прыводзіць словы актывіста каталіцкага руху Марціна Дыбоўскага сайт Pri.org.
Веруючыя па ўсёй краіне выстраіліся ў жывы ланцуг уздоўж межаў дзяржавы — пачынаючы ад балтыйскага ўзбярэжжа на поўначы і завяршаючы мяжой з Чэхіяй і Славакіяй на поўдні.
Удзельнікі акцыі таксама размеркаваліся па «малітоўных зонах», іх налічвалася чатыры тысячы і адна з іх знаходзілася ў буйнейшым у Польшчы Варшаўскім міжнародным аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна. Польскія салдаты, дыслацыраваныя ў Афганістане, маліліся ў капліцы ў аэрапорце Баграм.
Раніцай 7 кастрычніка ў больш чым 320 каталіцкіх касцёлах у памежных раёнах краіны прайшлі набажэнствы, адкуль затым вернікі накіраваліся да межаў дзяржавы і выстраіліся там у жывыя ланцугі.
На моры да акцыі далучыліся рыбацкія лодкі, на польскіх рэках актывісты ўтварылі ланцугі з байдарак і паруснікаў.
Увогуле ў «Ружанцы на межах» прынялі ўдзел 22 дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ў Польшчы.
Падчас трансляцыі набажэнства ў эфіры «Радыё Марыя» Мітрапаліт Кракава арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі заклікаў маліцца і «за іншыя еўрапейскія народы», якім «неабходна вярнуцца да хрысціянскіх каранёў еўрапейскай культуры».