Сасуд, у якім захоўваецца кроў св. Януарыя, святога ІІІ стагоддзя і нябеснага заступніка Неапаля, 19 верасня па традыцыі быў вынесены для ўшанавання. У гэты дзень ізноў адбылося тое, што жыхары Неапаля называюць «цудам святога Януарыя», — у рэлікварыі засохлая кроў святога стала вадкай.
Як паведамляе італьянскае інфармацыйнае агенцтва ANSA, велізарная колькасць вернікаў запоўніла не толькі сабор, але і плошчу перад ім, чакаючы паўтарэння цуду з кроўю святога Януарыя. Цуд адбыўся ў 10.05 па еўрапейскім часе.
Цуд паўтараецца тройчы на год: 19 верасня — у дзень мучаніцкай смерці святога ў 305 г.; у суботу, якая папярэднічае першай нядзелі мая, — на ўспамін пра першае перанясенне парэштак святога з Пацуолі ў Неапаль у V ст., і 16 снежня — на ўспамін пра ўратаванне Неапаля ад вывяржэння Везувія ў 1631 г.
Першая згадка пра цуд св. Януарыя — 17 жніўня 1389 г. Цуд заключаецца ў тым, што засохлая кроў святога мучаніка, якая захоўваецца ў закрытай ампуле, становіцца вадкай, а часам нават закіпае. Ампула з крывёю захоўваецца ў неапальскай катэдры, якая носіць тытул святога.
Вядомыя таксама выпадкі, калі цуд не адбыўся ва ўстаноўлены дзень. У ХХ ст. цуду не было тройчы: у 1939 г. — перад пачаткам Другой сусветнай вайны, у 1944 г. — перад вывяржэннем Везувія, у 1980 г. — перад моцным землятрусам. Цуд таксама не адбыўся ў снежаньскі дзень памяці святога ў 2016 годзе.