
У Ташкенце прайшло V пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі (СЕСАС), якое аб'яднала іерархаў з васьмі краін рэгіёну. Цэнтральнай падзеяй сустрэчы сталі выбары новага старшыні: ім стаў кардынал Джорджа Марэнга IMC. Ён змяніў на гэтай пасадзе біскупа Хасэ Луіса Мумбіелу Сіеру, які ўзначальваў канферэнцыю на працягу апошніх чатырох гадоў.
З 15 па 19 красавіка 2026 года ў Ташкенце адбылося V пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі (СЕСАС), якое аб'яднала каталіцкіх іерархаў рэгіёну ў духу брацкіх зносін, малітвы і сумеснага разважанні аб пастырскай місіі Касцёла. Сустрэча стала важным этапам у жыцці лакальных Касцёлаў, якія прадстаўляюць Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменістан, Манголію і Азербайджан.
Асаблівае значэнне пасяджэнню надалі выбары новага кіраўніцтва канферэнцыі. Па выніках галасавання старшынёй СЕСАС быў абраны кардынал Джорджа Марэнга, Апостальскі прэфект Улан-Батара (Манголія). Ён прыняў гэтае служэнне, змяніўшы біскупа Хасэ Луіса Мумбіелу Сіеру, ардынарыя дыяцэзіі Алматы (Казахстан), які кіраваў канферэнцыяй на працягу апошніх чатырох гадоў.
Віцэ-старшынёй быў абраны біскуп Мумбіела Сіера, а генеральным сакратаром — біскуп Яўген Зінкоўскі, дапаможны біскуп дыяцэзіі Караганды (Казахстан).
Пленарнае пасяджэнне ў Ташкенце зноў падкрэсліла імкненне Каталіцкага Касцёла ў Цэнтральнай Азіі да адзінства, узаемнай падтрымкі і адкрытага дыялогу — як унутры касцёльнай супольнасці, так і з прадстаўнікамі іншых рэлігій.
Асаблівае гучанне ў працы канферэнцыі набыла тэма міру, якая праходзіць праз служэнне Касцёла ў рэгіёне і знаходзіць водгук у сэрцах вернікаў.
Даведка
Кардынал Джорджа Марэнга (італ. Giorgio Marengo) — першы мангольскі кардынал італьянскага паходжання.
Нарадзіўся 7 чэрвеня 1974 года ў Кунеа, Італія. Далучыўся да місіянераў Кансалата (IMC / Місіянерскі інстытут Панны Марыі Суцяшальніцы), пасвечаны ў святары ў 2001 годзе. Адразу пасля пасвячэння быў накіраваны на місію ў Манголію, дзе стаў адным з першых каталіцкіх місіянераў у гэтай краіне.

2 красавіка 2020 прызначаны Апостальскім прэфектам Улан-Батара. 27 жніўня 2022 года, ва ўзросце 48 гадоў, быў атрымаў ад папы Францішка тытул кардынала, стаўшы на той момант самым маладым кардыналам у свеце.
Кардынал вядомы сваёй глыбокай павагай да мангольскай культуры і свабодна размаўляе на мангольскай мове.
Як Апостальскі прэфект Улан-Батара, Марэнга актыўна займаецца развіццём каталіцкай супольнасці ў краіне, міжрэлігійным дыялогам і сацыяльнымі праектамі.







