Пошук

06.12.2023 13:32   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Абраз Salus Populi Romani – Збаўленне рымскага народа / Wikimedia.org

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак наведае рымскую базыліку Святой Марыі Вялікай (Санта-Марыя-Маджорэ), каб ахвяраваць залатую ружу Маці Божай, якая ўшаноўваецца ў змешчаным у святыні абразе Salus Populi Romani — Збаўленне рымскага народа.

Як паведамляе Польская рэдакцыя Vatican News, гэты красамоўны жэст благаслаўлення адбудзецца перад традыцыйным візітам Святога Айца на рымскую плошчу Іпаніі, дзе знаходзіцца фігура Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Размяшчэнне залатой ружы побач з марыйнымі абразамі сімвалізуе папскае благаслаўленне, а традыцыя гэтага падарунка бярэ свой пачатак яшчэ ў Сярэднявеччы. 

На працягу стагоддзяў ружу ўручалі кляштарам, санктуарыям, кіраўнікам і выдатным асобам на знак прызнання іх адданасці веры і агульнаму дабру.

«Перадаючы залатую ружу Salus Populi Romani, Папа Францішак падкрэслівае духоўную важнасць і глыбокае значэнне гэтага абраза ў жыцці Каталіцкага Касцёла, а таксама найстарэйшага марыйнага санктуарыя на Захадзе, прысвечанага Маці Божай», 

— тлумачыцца ў паведамленні базылікі Санта-Марыя-Маджорэ.

Першую залатую ружу у 1551 годзе падараваў Папа Юлій III, які быў глыбока марыйным Пантыфікам і цэлебраваў сваю першую святую Імшу менавіта ў гэтай базыліцы. У 1613 годзе Папа Павел V ахвяраваў яшчэ адну ружу з нагоды пераносу абраза ў новую капліцу, пабудаваную спецыяльна для гэтай мэты. 

На жаль, абедзве ружы не захаваліся да нашых дзён. Хутчэй за ўсё, яны былі страчаны падчас напалеонаўскага нашэсця на Папскую дзяржаву. 

Праз 400 гадоў Папа Францішак вырашыў «даць адчувальны знак сваёй адданасці шанаванаму абразу, умацоўваючы тысячагадовую сувязь паміж Каталіцкім Касцёлам і горадам Рымам».

Абноўлена 06.12.2023 14:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа