21 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету, беларусы каталіцкага веравызнання ў Маскве сабраліся на святую Імшу на роднай мове, цэлебрацыю якой узначаліў айцец Пётр Карнялюк OFMConv.
Суайчыннікі ў сталіцы Расіі ўзносілі свае малітвы за Радзіму; за ўсіх тых, хто трапіў у складаную сітуацыю ў выніку непаразуменняў паміж валадарамі гэтага свету, якіх не вельмі хвалююць лёсы простых людзей. Сабраныя на супольную малітву асаблівым чынам прасілі Бога аб як нйхутчэйшым аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.
Яны маліліся аб тым, каб з ласкі Хрыста Валадара і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі будслаўская святыня зноў заззяла сваім ранейшым хараством.
У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл звяртае ўвагу вернікаў на Хрыста як Валадара сусвету. Некаторыя людзі, якія маюць ўладу — фінансавую, палітычную ці адміністрацыйную, — часам мяркуюць, што менавіта яны кіруюць светам і маюць права распараджацца чалавечымі лёсамі. Здараецца, што прага ўлады і дамінавання над іншымі прымушае іх дзейнічаць насуперак універсальнаму вучэнню Хрыста — адзінага Валадара сусвету і гісторыі.
Менавіта так яго называе і праслаўляе Касцёл у старажытным спеве «Езус Хрыстус Пераможца, Пан сусвета і Валадар», якім распачалася святая Імша ў маскоўскім францішканскім кляштары, а таксама ў беларускім рэлігійным гімне, які ўдзельнікі спявалі на заканчэнне Эўхарыстыі.