Пошук

05.05.2021 11:03   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Карло Акуціс. Фота: carloacutis.com

2 мая споўнілася 30 гадоў з дня нараджэння Карло Акуціса — першага каталіцкага благаслаўлёнага з пакалення міленіялаў.

Як паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, памяць італьянскага падлетка, які памёр ва ўзросце 15-і гадоў, ушанавалі ў яго 30-ы дзень нараджэння парафіі, манаскія супольнасці і моладзевыя рухі ў розных краінах свету.

Таксама Папа Францішак узгадаў з гэтай нагоды благаслаўлёнага Карло Акуціса, якога называюць «кіберапосталам Эўхарыстыі» і ўжо цяпер кажуць пра яго як пра будучага апекуна Інтэрнэту.

У відэапасланні да міністрантаў у Фаціме Папа Францішак звярнуў увагу на словы благаслаўлёнага падлетка, які казаў, што ўсе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як ксеракопіі.

Святы Айцец адзначыў, што заданне маладых людзей заключаецца ў тым, каб адкрыць, кім ты з’яўляешся, і развіваць свой асабісты спосаб быць святым, незалежна ад таго, што кажуць і думаюць іншыя. Папа Францішак падкрэсліў, што жыццё хрысціяніна павінна быць прарочым імпульсам, які натхняе іншых і пакідае свой непаўторны след.

Галоўным месцам адзначэння дня нараджэння Карло Акуціса стаў Асізі, дзе благаслаўлёны па ўласным жаданні быў пахаваны. Адтуль адбывалася прамая трансляцыя малітвы перад саркафагам, а таксама святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў мясцовы біскуп Дамэніко Сарэнціна.

Хоць сапраўдным днём нараджэння святых і благаслаўлёных у Касцёле лічыцца дзень іх адыходу ў вечнасць — для Карло Акуціса гэта 12 кастрычніка, — аднак ён дакладна святкаваў бы свой зямны дзень нараджэння, калі б не захварэў лейкеміяй і не памёр, зазначыў у прамоўленай гаміліі біскуп Сарэнціна.

Пра вялікую папулярнасць італьянскага падлетка, абвешчанага благаслаўлёным у кастрычніку мінулага года, які быў пабожным камп’ютарным геніем, сведчыць тое, што ў многіх гарадах па ўсёй Італіі прайшло святкаванне яго дня нараджэння, якое суправаджалася святымі Імшамі, адарацыяй, споведдзю і ружанцовай малітвай.

У адной з дыяцэзій на поўдні Італіі прайшоў «Эўхарыстычны тыдзень з благаслаўлёным Карло Акуцісам», у Вероне на працягу месяца ўзносіліся малітвы праз яго заступніцтва, а ў Пальмі ў Калабрыі быў адкрыты моладзевы цэнтр яго імя. У запісаным з гэтай нагоды відэапасланні мама благасалаўлёнага сказала:

«Карло штодзённа хадзіў на Імшу, на адарацыю і маліўся Ружанец. Ён стаў благаслаўлёным дзякуючы Эўхарыстыі, да якой кожнаму з нас — рукой падаць, і якую ён сам нзываў „маёй аўтастрадай у неба“».

Пра маладога благаслаўлёнага ў дзень яго нараджэння памяталі таксама ў іншых краінах і на іншых кантынентах. Таварыствы сяброў Карло Акуціса апублікавалі ў Фэйсбуку відэазвароты з віншаваннямі з днём нараджэння ад моладзі і духавенства з усяго свету. Набажэнствы з удзелам вялікай колькасці вернікаў прайшлі з гэтай нагоды на Філіпінах, у Бразіліі, Аргентыне і іншых краінах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.