16 снежня ў італьянскім Неапалі не адбыўся цуд, калі зацвярдзелая кроў нябеснага апекуна горада святога Януарыя становіцца вадкай.
Рэлікварый з крывёю захоўваецца ў неапалітанскай катэдры, і тройчы на працягу года тут адбываецца славуты цуд.
У суботу перад першай нядзеляй мая, калі святкуецца перанясенне рэліквій святога Януарыя ў Неапаль, што адбылося ў V стагоддзі, яго кроў, звычайна цвёрдая, становіцца вадкай. Тое самае адбываецца на працягу актавы ўрачыстасці ў гонар нябеснага заступніка горада, якая адзначаецца 19 верасня. Менавіта ў гэты дзень у 305 годзе святы біскуп Януарый прыняў мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы.
16 снежня ў Неапалі дзякуюць святому Януарыю за ўратаванне горада ад вывяржэння Везувія ў 1631 годзе. У гэты дзень кроў святога таксама зазвычай становіцца вадкай.
Было заўважана, што раней цуд не адбываўся перад нейкімі трагічнымі падзеямі.
Такое здаралася ў 1939 годзе перад пачаткам Другой сусветнай вайны, у 1944 годзе перад чарговым вывяржэннем Везувія і ў 1980 годзе перад моцным землятрусам — падзеямі, якія сталі прычынай шматлікіх ахвяр.
У мінулы раз цуд крыві святога Януарыя не адбыўся 16 снежня 2016 года. Тады Неапаль не пацярпеў, але здарыўся моцны землятрус у Мексіцы.