Пошук

12.11.2020 12:53   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: faustyna.pl

Кангрэгацыя сясцёр Маці Божай Міласэрнасці асцерагае ад набыцця фальшывых рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай, якія прапануюцца ў сеціве.

Як паведаміла 10 лістапада Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, «рэліквіі парэшткаў» сястры Фаўстыны Кавальскай з фальшывым сертыфікатам былі выстаўлены на продаж на адным з анлайн-аўкцыёнаў. Яшчэ на шэрагу гандлёвых інтэрнэт-пляцовак прапануюцца абразкі з яе «рэліківяй трэцяй ступені», якія каштуюць крыху больш за 10 еўра.

Ад махлярства асцерагаюць сёстры з Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, паколькі толькі яны маюць сапраўдныя рэліквіі святой Фаўстыны Кавальскай, якую называюць апосталам Божай Міласэрнасці.

Хоць кананічнае права Каталіцкага Касцёла забараняе гандаль рэліквіямі, аднак пастаянна становіцца вядома пра новыя выпадкі іх продажу праз інтэрнэт. У мінулыя гады на адным з сусветна-вядомых анлайн-аўкцыёнаў за 2,5 тыс. даляраў можна было набыць «рэліквіі крыві» святой Фаўстыны. Да якасна выкананай падробкі прыкладаўся таксама «сертыфікат» на лаціне з подпісам тагачаснага Кракаўскага арцыбіскупа кардынала Станіслава Дзівіша.

«Жаданне мець рэліквіі святой сястры Фаўстыны вельмі вялікае, бо яна папулярная ва ўсім свеце і блізкая людзям, якія праз яе заступніцтва выпрошваюць шматлікія ласкі», — прыводзіць КАІ словы прадстаўніцы Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці сястры Эльжбеты Сепак. Законніца пры гэтым падкрэсліла, што вельмі балюча, калі вядзецца гандаль святымі рэчамі. «Святымі для людзей, бо фактычна яны ніякія не святыя, а проста падробкі.

Хоць тут ідзе гаворка пра грошы, аднак гэта перш за ўсё духоўнае махлярства», — дадала сястра Эльжбета.

Сёстры з санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Польшча) нагадваюць, што сапраўдныя рэліквіі святой Фаўстыны Кавальскай даступныя толькі ў Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Яны інфармуюць, што рэліквіі першай і другой ступеняў перадаюцца ў касцёлы і капліцы, дзе абвяшчаецца пасланне аб Божай Міласэрнасці і практыкуецца адпаведнае набажэнства. Рэліквіі трэцяй ступені (тканіна, на якой спачывалі парэшткі святой сястры Фаўстыны) даступныя ў заламінаваных абразках, медаліках і ружанцах, прызначаюцца для прыватнага ўшанавання вернікамі.

За рэліквіі не бярэцца ніякай платы: трэба аплаціць толькі кошт капсулы, у якіх яны захоўваюцца, і рэлікварыя. Калі гаворка ідзе пра рэліквіі трэцяй ступені, аплачваецца кошт самога абразка, медаліка ці ружанца.

Абноўлена 12.11.2020 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця