Пошук

04.05.2020 15:38   Паводле: Сatholicnewsagency.com / Catholic.by

Цуд з крывёю святога мучаніка Януарыя, якая з цвёрдага стану пераходзіць у вадкі, адбыўся ў суботу на фоне каранавіруснай ізаляцыі. Гэта дало магчымасць арцыбіскупу Неапаля благаславіць горад рэліквіяй.

«Дарагія сябры, я павінен зрабіць важную аб'яву, — сказаў кардынал Крэшэнцыё Сэпе, словы якога прыводзіць агенцтва CNА, 2 мая. — Нават у гэты час каранавірусу Пан праз заступніцтва святога Януарыя зрабіў вадкаю кроў!»

Кардынал цэлебраваў святую Імшу з відэатрансляцыяй з катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, каб адсвяткаваць цуд, які зазвычай рэгулярна паўтараецца, а потым благаславіў рэліквіяй горад.

«Колькі разоў наш святы прычыняўся, каб выратаваць нас ад чумы, ад халеры. Святы Януарый — сапраўдная душа Неапаля», — сказаў іерарх у гаміліі.

Святы Януарый, ці па-італьянску Сан Джэнаро, апякун Неапаля, быў біскупам горада ў ІІІ стагоддзі.

Яго рэліквіі — косці і згустак крыві — захоўваюцца ў катэдры. Лічыцца, што ён быў мучанікам у часы пераследу Дыяклетыяна.

Гэты цуд вядомы і прызнаны на мясцовым узроўні, хоць і не быў афіцыйна пацверджаны Касцёлам. Пераход крыві са згустку ў вадкі стан, як паведамляецца, здараецца па меншай меры тры разы ў год: 19 верасня — у дзень успаміну святога, у суботу, якая папярэднічае першай нядзелі мая, і 16 снежня — у гадавіну вывяржэння вулкана Везувія ў 1631 г.

Падчас цуду высахлая, афарбаваная ў чырвоны колер маса, абмежаваная адным бокам рэлікварыя, становіцца крывёю, якая пакрывае ўсё начынне рэлікварыя. Паводле мясцовых паданняў, калі кроў застаецца згусткам, гэта сведчыць пра вайну, голад, хваробы ці іншыя бедствы.

«Але ёсць яшчэ адна магчымая эпідэмія, якая непакоіць мяне і якая знаходзіцца ў самых небяспечных раёнах горада», — сказаў кардынал, маючы на ўвазе Камору, неапалітанскую мафію.

«Ёсць тыя, хто зарабляе вялізны набытак падчас эпідэмій. Давайце рухацца, умешвацца неадкладна, таму што злачынны свет хутчэйшы за нашу бюракратыю. Камора <мафіёзны клан — рэд.> не чакае. Мы павінны пазбавіцца ад усіх злачынных арганізацый», — дадаў ён.

Ва ўмовах ізаляцыі ў Італіі эксперты па барацьбе з мафіяй папярэдзілі, што злачынныя арганізацыі могуць выкарыстоўваць перанакіраванне паліцэйскіх рэсурсаў і атрымаць прыбытак ад дзяржаўнага стымулявання, якое можа ненаўмысна фінансаваць галіны прамысловасці, якія кантралююцца мафіяй.

Каранавірус таксама перашкодзіў правядзенню традыцыйнай працэсіі ў гонар цуду святога Януарыя.

Гэтая працэсія адбывалася ў Неапалі нават у часы Другой сусветнай вайны.

Масы людзей не былі дапушчаны ў святыню на працягу апошніх васьмі тыдняў у адпаведнасці з абмежаваннямі, уведзенымі ў краіне з-за каранавірусу.

«Як Касцёл мы, безумоўна, падзяляем цярпенні ад абмежаванняў, уведзеных для аховы здароўя ўсіх людзей», — сказаў Старшыня епіскапату Італіі кардынал Гуалцьеро Басэцці.

Абноўлена 04.05.2020 16:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця