Памаліцца вяночак у інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу ў нядзелю Божай Міласэрнасці 17 красавіка заклікаюць суайчыннікаў Прымас Польшчы і епіскапат краіны.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, арцыбіскуп Войцех Поляк, Мітрапаліт Гнезненскі і Прымас Польшчы, заахвочвае вернікаў у нядзелю а 15-й гадзіне далучыцца да супольнай малітвы Вяночкам да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі спынення эпідэміі, а таксама за ўсіх хворых і памерлых. Сам іерарх у гэты час правядзе набажэнства ў катэдры ў Гнезна, пасля чаго будзе цэлебраваць святую Імшу. Паколькі ўдзел вернікаў у літургічных цэлебрацыях у Польшчы абмежаваны, набажэнства і Імша будуць транслявацца анлайн.
«Міласэрнасць лечыць і аздараўляе. Ахоўвае нас і падымае з падзенняў. Праганяе страх, бараняе ад зла і ўмацоўвае ў надзеі. Сёння нам так моцна патрэбная Божая Міласэрнасць, патрэбна быць міласэрнымі адно да аднаго», — сказаў Прымас Польшчы, нагадаўшы словы Езуса, запісаныя ў «Дзённіку» святой сястрой Фаўстынай Кавальскай, што чалавецтва не знойдзе суцяшэння, пакуль з даверам не звернецца да Яго Міласэрнасці.
Прэс-сакратар польскага епіскапату ксёндз Павел Рытэль-Адрыянік нагадаў, што свята Божай Міласэрнасці адзначаецца ў першую нядзелю пасля Вялікадня. У 1995 годзе святы Ян Павел ІІ па просьбе Канферэнцыі Біскупаў Польшчы ўвёў гэтае свята для ўсіх польскіх дыяцэзій, а ў 2000 годзе ў дзень кананізацыі сястры Фаўстыны Кавальскай Папа абвясціў гэтае свята для ўсяго Касцёла.
«Заахвочваю ў наступную нядзелю асабліва маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі спынення эпідэміі, за хворых, памерлых і іх сем’і, а таксама за тых, хто вядзе барацьбу з вірусам. У сацыяльных сетках з адпаведным хэштэгам можна публікаваць свае просьбы і падзякі Божай Міласэрнасці, а таксама здымкі абразоў Езуса Міласэрнага, якія знаходзяцца ў нашых дамах», — запрасіў ксёндз Рытэль-Адрыянік.
Кусташ польскага нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках ксёндз Збігнеў Беляс ва ўмовах немагчымасці пілігрымак у гэты цэнтр культу заклікаў суайчыннікаў да духоўнай еднасці.
«На нашай лагеўніцкай вежы мы змясцілі абраз Езуса Міласэрнага. Ён заўсёды знаходзіўся на палявым алтары падчас свята Міласэрнасці.<…> Езус Міласэрны з лагеўніцкай вежы глядзіць на Кракаў, на Польшчу і благаслаўляе нас. І кажа, як спалоханым апосталам у Вячэрніку: „Супакой вам“», — дадаў кусташ санктуарыя.