Пошук

22.11.2018 16:28   Vatican News / Catholic.by

Папа Францішак напісаў прадмову да кнігі «Крыха радасці... каб была поўнай» (Un briciolo di gioia... purché sia piena) аўтарства кс. Маўрыцыё Мірылі. У ёй святар разважае аб дары евангельскай радасці і запрашае чытачоў адкрыцца на яе.

Пробашч адной з рымскіх парафій разам з групай законніц і свецкіх вернікаў заснаваў цэнтр дапамогі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з квартала, у якім нясе душпастырскае служэнне. 6 мая 2018 г. Папа наведаў яго парафію і благаславіў гэтую ініцыятыву. Святар распавёў Пантыфіку, што напісаў кнігу аб хрысціянскай радасці і людзях, якія нясуць яе ў свет, нягледзячы на пакуты і дыскрымінацыю з боку грамадства. Праз некалькі дзён кс. Маўрыцыё нечакана атрымаў канверт, у якім ляжала прадмова да яго кнігі, напісаная асабіста Папам.

Паводле Святога Айца, жыццё без радасці будзе нагадваць страву без духмянасці і смаку. Гаворка ідзе пра пачуццё, якое не мае нічога агульнага з ілюзорнасцю, мімалётнасцю і пустатой, якую прапануе дух гэтага свету.

Мы ўсе маем патрэбу ў сапраўднай радасці, а не той эфемернай, «што крочыць пад руку з духам гэтага свету і спажывальніцтвам», падкрэсліў Папа.

«У гэтай кнізе гаворыцца пра сапраўдную радасць, якая напаўняе сэрца чалавека, калі ён адчувае, што яго любяць, і сам любіць па-сур’ёзнаму; пра радасць, якую Езус нам пакінуў у дар праз свае жыццё і вучэнне», — адзначыў Пантыфік.

Па словах Папы, сапраўдная радасць — гэта плён Божай міласэрнасці. «Гэта каштоўная жамчужына, якую атрымліваем, калі ўваходзім у логіку служэння і дорым сябе», — напісаў ён. Святы Айцец лічыць, што нават крыха такой радасці больш каштоўная за ўсю разам узятую мімалётную радасць гэтага свету.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.