Пошук

07.11.2018 12:29   Vatican News / Catholic.by


Папа Францішак аб’явіў аб правядзенні Юбілейнага года св. Жана Батыста Сальскага — французскага святара і педагога, 300-годдзе з дня смерці якога будзе адзначацца ў 2019 г.

На працягу Юбілейнага года, з 17 лістапада 2018 г. па 31 лістапада 2019 г., вернікі будуць мець магчымасць атрымаць поўны адпуст.

Для гэтага неабходна выканаць наступныя ўмовы: шчыра прыступіць да сакрамэнту паяднання; здзейсніць пілігрымку ў санктуарый св. Жана Батыста Сальскага ў Рыме ці ў адно з месцаў, звязаных з яго жыццём, сярод якіх Рэймс, Парыж, Пармэні, або наведаць храм, у якім знаходзіцца алтар, рэліквіі, статуя ці абраз святога.

Падчас наведвання такога месца трэба прыняць удзел у святой Імшы або ў Ютрані, Нешпарах, Крыжовым шляху, ружанцовым набажэнстве, адарацыі ці правясці прыватную малітву, завяршаючы яе «Ойча наш...», «Вітай, Марыя...» і «Веру ў Бога...».

Неабходна таксама памаліцца ў інтэнцыях Папы і здзейсніць учынак міласэрнасці. Гэта можа быць дапамога дзецям ці моладзі ў іх матэрыяльных, адукацыйных ці духоўных патрэбах, што будзе адпавядаць духоўнасці св. Жана Батыста і выражаць навяртанне сэрца.

Жан Батыст Сальскі жыў на мяжы XVII-XVIII стст. У сваім душпастырстве ён асабліва ўважліва ставіўся да дзяцей і моладзі. Па ініцыятыве будучага святога адкрываліся нядзельныя школы, рамесныя вучэльні, школы-інтэрнаты для бяздомных. Ён лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай адукацыйнай сістэмы і з’яўляецца нябесным апекуном хрысціянскіх педагогаў.

Заснаваная св. Жанам Батыстам законная супольнасць Братоў Хрысціянскіх Школ (т. зв. «Школьныя браты») працягвае рэалізаваць яго ідэалы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.