26 ліпеня ў Ватыкане ўбачыў свет памятны медаль у азнаменаванне шостага года пантыфікату папы Францішка.
Памятны медаль выкананы ў трох варыянтах: з золата, срэбра і бронзы. Яго можна набыць непасрэдна ў Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і ў афіцыйных ватыканскіх кнігарнях. Лічыцца, што продаж калекцыйнай прадукцыі — маштовых марак, манет і памятных медалёў — з’яўляецца адным з важных сродкаў папаўнення бюджэту дзяржавы-горада Ватыкана.
На аверсе медаля, які распрацавала італьянская мастачка К’яра Прынчыпэ, уверсе змешчана выява голуба, сімвала Духа Святога, які сваімі крыламі ахінае папскі герб, адчаканены ў цэнтры. Па баках ідзе надпіс на лацінскай мове: Franciscus. P.M. Anno VІ.
Выява, размешчаная на рэверсным баку медаля, утрымлівае два супрацьлеглыя сюжэты. З аднаго боку — панаванне міру, увасобленага ў ласкавых абдымках маці і дзіцяцяці ў засені аліўкавых галінак, з іншага — юнак за калючым дротам, вобраз насілля і прымусу. Паміж дзвюмя выявамі — квітнеючы мак, традыцыйны сімвал загінулых на вайне.
Уздоўж знешняга краю размешчана фраза па-італьянску: Nulla è perduto con la pace. Tutto può esserlo con la guerra (Нічога не губляецца з мірам. Усё можна згубіць з вайной).
Гэта цытата з радыёпаслання папы Пія XII, прамоўленага ім 25 жніўня 1939 г., за некалькі дзён да пачатку Другой сусветнай вайны.
Наклад медаля абмежаваны: 30 залатых, 1,5 тыс. срэбных і 2 тыс. бронзавых асобнікаў, а таксама 30 набораў-трыпціхаў. Кожны экземпляр медаля суправаджаецца гарантыйным сертыфікатам, пранумераваным і зацверджаным пячаткай Дзяржсакратарыята і Італьянскага манетнага двара, яго выканаўцы.
Памятныя медалі Пантыфік уручае прадстаўнікам урадавых і дыпламатычных дэлегацый краін падчас сустрэчы з імі ў Ватыкане ці ў межах сваіх Апостальскіх падарожжаў. Менавіта такія медалі папа Францішак будзе ўручаць высокім афіцыйным асобам падчас свайго візіту ў краіны Балтыі.