Пошук

11.07.2018 12:20   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Слугі Божыя Джорджо Ла-Піра, П’етро Дзі-Вітале, Карло Акуціс і Алесія Гансалес-Барас і Гансалес © Vatican Media

5 ліпеня папа Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў новых кандыдатаў да хвалы алтароў. Такім чынам адкрыта дарога да абвяшчэння іх святымі.

Дэкрэты датычацца італьянскіх свецкіх вернікаў Джорджо Ла-Піра, П’етро Дзі-Вітале і Карло Акуціса, а таксама іспанскай дзяўчынкі Алесіі Гансалес-Барас і Гансалес, якіх цяпер будуць называць Слугамі Божымі.

Джорджо Ла-Піра (1904–1977) вядомы ў Італіі як «святы мэр» Фларэнцыі. Кіраўніком гэтага горада ён быў у 1951–1957 гг. і ў 1961–1965 гг. На сваёй пасадзе Джоджо Ла-Піра выкарыстоўваў усе магчымасці для пераадолення сацыяльнай няроўнасці, выкаранення беднасці і спрыяння інтэгральнаму развіццю кожнай асобы.

Наступныя кандыдаты да хвалы алтароў пражылі нядоўгае, але святое жыццё.

Пьетро дзі Вітале (1916–1940) вучыўся ў дыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі Палерма і шмат часу прысвячаў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўшанаванню Беззаганнай Панны Марыі. Належаў да свецкага ордэна св. Францішка (тэрцыярыяў) і быў удзельнікам Руху свецкіх вернікаў «Каталіцкае дзеянне». П’етро заўчасна памёр ад цяжкай хваробы ва ўзросце 23-х гадоў.

Карло Акуціс (1991–2006) за сваё кароткае 15-гадовае жыццё стаў вядомым у свеце дзякуючы сваім надзвычайным здольнасцям у галіне інфарматыкі, якія ён выкарыстоўваў дзеля абвяшчэння Евангелля на прасторах Інтэрнэту і ў сацыяльных сетках.

Іспанская дзяўчынка Алесія Гансалес-Барас і Гансалес (1971–1985) адышла ў вечнасць у 14-гадовым узросце. Калі за год да смерці ў яе дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, яна з поўнай пакорай прыняла волю Бога і ахвяравала свае пакуты за Каталіцкі Касцёл, за тагачаснага Папу Яна Паўла II і за іншых людзей. Памерла Алесія 5 снежня 1985 г.

Абноўлена 11.07.2018 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа