Папа Францішак скіраваў арцыбіскупу Алжырскаму Полю Дэфаржу SI спачуванні ў сувязі з авіякатастрофай, якая адбылася 11 красавіка ў 30 км ад сталіцы Алжыра.
У лісце, падпісаным Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці кард. П’етро Паралінам, Святы Айцец выказаў свой боль ад весткі пра катастрофу, ахвярамі якой сталі 257 чалавек, большасць з якіх — вайскоўцы і члены іх сем’яў. Папа Францішак яднаецца ў малітве з сем’ямі ахвяраў і ўсімі пацярпелымі ад гэтай жудаснай катастрофы, а таксама «з усім алжырскім народам».
Пантыфік моліць Пана Бога прыняць у свой супакой усіх загінулых і ўмацаваць цяжка параненых. Акрамя таго, ён просіць Божай дапамогі ўсім тым, хто задзейнічаны ў справе аказання дапамогі, а таксама суцяшэння для ўсяго народа Алжыра.
У краіне 99 % насельніцтва складаюць мусульмане, і толькі менш за 1 % з’яўляюцца вызнаўцамі іншых рэлігій, у тым ліку хрысціянамі.