Пошук


У перадсінадальнай сустрэчы моладзі, якая пройдзе 19-24 сакавіка 2018 г. у Рыме, прымуць удзел каля 300 делегатаў з розных частак свету.

Мільёны юнакоў і дзяўчат змогуць сачыць за працай пасяджэння на сайце www.synod2018.va, а таксама віртуальна прымаць удзел у дыскусіях, скіроўваючы свае заўвагі і каментары праз сацыяльныя сеткі.

Для гэтага да 16 сакавіка 2018 г. неабходна зарэгіставацца ў адной з шасці моўных груп перадсінадальнай сустрэчы, якія былі створаны ў Facebook.

Акрамя таго, дзейнічаюць адмысловыя шматмоўныя каналы ў твітары, інстаграме і месенджары Whatsapp, паведаміла падчас прэс-канферэнцыі 16 лютага прэс-служба Апостальскай Сталіцы.

Месцам правядзення форуму будзе Папскі міжнародны калегіум Maria Mater Ecclesiae. Папа Францішак асабіста адкрые пасяджэнне 19 сакавіка — у пятую гадавіну пачатку свайго служэння на Пасадзе св. Пятра. Ён скіруе прывітанне да моладзі і адкажа на пытанні пяці маладых дэлегатаў ад епіскапатаў, каталіцкіх рухаў, іншых канфесій і рэлігій, вязняў і ахвяр нарказалежнасці.

«Мы не будзем толькі размаўляць аб моладзі, гэта яна распавядзе пра сябе: сваёй мовай, сваім энтузіязмам і сваімі пачуццямі. Бліжэйшы Сінод Біскупаў па сутнасці будзе не толькі Сінодам аб моладзі, але Сінодам моладзі і з моладдзю», — адзначыў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Ларэнца Балдзісэры.

Паводле высокага ватыканскага іерарха, жаданне выслухаць моладзь непасрэдна, «ужывую», абумоўлена імкненнем лепш зразумець яе сітуацыю.

Кардынал Балдзісэры заўважыў, што ў перадсінадальнай сустрэчы возьмуць удзел таксама эксперты, выхавацелі і настаўнікі, якія разам з моладдзю паразважаюць, як супольна будаваць будучыню Касцёла і адказваць на сучасныя праблемы.

Плёнам пасяджэння стане дакумент, які будзе перададзены Святому Айцу і стане часткай Instrumentum Laboris — падрыхтоўчага дакумента XV Генеральнай Асамблеі Сінода.

У Пальмовую нядзелю, 25 сакавіка, удзельнікі перадсінадальнай сустрэчы ў Рыме збяруцца на Эўхарыстыі, якую папа Францішак будзе цэлебраваць на плошчы св. Пятра з нагоды XXXIII Сусветнага дня моладзі, які ў 2018 г. мае тэму «Не бойся Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана» (Лк 1, 30).

На прэс-канферэнцыі былі прадстаўлены першыя даныя інтэрнэт-апытальніка, падрыхтаванага Генеральным сакратарыятам Сінода Біскупаў.

Што кажа статыстыка?

У агульнай колькасці адказы прыйшлі ад 221 тыс. юнакоў і дзяўчат з розных частак свету. Цалкам анкету запоўніла каля 100 тыс. чалавек, з якіх 58 тыс. – дзяўчаты і 48,2 тыс. — юнакі. 50,6 працэнта рэспандэнтаў — моладзь ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі апытання былі маладыя людзі з Еўропы. Іх адказы складаюць 56,4 працэнта ад агульнай колькасці запоўненых анкет. Затым ідзе Цэнтральная Амерыка — каля 20 працэнтаў, і Афрыка — каля 18 працэнтаў.

74 працэнты ўдзельнікаў апытання назвалі сябе католікамі, для якіх вера мае важнае значэнне. Каля 19 працэнтаў моладзі, хоць назвалі сябе католікамі, але прызналіся, што не вельмі цікавяцца рэлігіяй.

Каля 6 працэнтаў апытаных — некатолікі, якія лічаць рэлігію важным элементам жыцця, і каля 8 працэнтаў — гэта некатолікі, якія не лічаць рэлігію чымсьці важным.

Перадсінадальная сустрэча моладзі павінна будзе ўзбагаціць фазу кансультацый перад XV Генеральнай Асамблеяй Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2018 г. на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Абноўлена 20.03.2018 17:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.