«Сёння мы маем вялікую патрэбу ў еднасці — у Касцёле і свеце», — сказаў папа Францішак 16 лістапада падчас сустрэчы з дэлегатамі Канфедэрацыі апостальскага саюза духавенства, якія прымаюць удзел у міжнароднай асамблеі на тэму святарскага служэння ў святле дыяцэзіяльнай духоўнасці.
У прамове Пантыфік заўважыў, што дыяцэзіяльная духоўнасць з’яўляецца духоўнасцю еднасці, падобнай на трынітарную. Ён нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што Касцёл павінен быць домам і школай еднасці. «Экспертамі ў галіне духоўнасці еднасці можна стаць, перш за ўсё, дзякуючы навяртанню да Хрыста, паслухмянай адкрытасці на дзейнасць Яго Духа і прыняццю братоў», — сказаў Папа.
Папа Францішак таксама крытычна выказаўся адносна пляткарства сярод святароў.
«Калі ўбачу нешта кепскае, я павінен маліцца, або, як брат, сказаць аб гэтым. Але не трэба станавіцца тэрарыстамі: плёткі — гэта тэрарызм. Пляткарыць — гэта як кінуць бомбу, знішчыць бліжняга і спакойна пайсці. Прашу вас, не пляткарце. Гэта чарвяк, які точыць тканіну Касцёла, дыяцэзіі, адзінства паміж усімі намі», — заклікаў Пантыфік.
Па словах Святога Айца, сёння, як і ў мінулым, самымі плённымі евангелізатарамі з’яўляюцца святыя. Усе ахрышчаныя пакліканы імкнуцца да высокай меры хрысціянскага жыцця, якой з’яўляецца святасць, а асабліва асобы, якія атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне.
Гаворачы пра небяспекі для святарскага жыцця, Пантыфік у першую чаргу ўзгадаў пра «духоўнасць гэтага свету», якая вельмі часта хаваецца за празмернай суровасцю святароў. Як падкрэсліў папа Францішак, дух гэтага свету і суровасць у святароў — «гэта зводныя сёстры».
Святы Айцец адзначыў, што духоўнасць непарыўна звязана з пастырскім служэннем Божаму народу, таму пастыры павінны заглыбляцца ў жыццё сваіх супольнасцяў, жыць іх радасцямі і смуткамі, чаканнямі і надзеямі. Акрамя таго, важна ўмацоўваць «узаемныя братэрскія адносіны», прымаючы ўдзел у жыцці дыяцэзіяльнага Касцёла, і быць у адзінстве з біскупам.