Папа Францішак абвясціў аб скліканні Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў, прысвечанай рэгіёну Пан-Амазонія. Форум пройдзе ў кастрычніку 2019 г.
«Галоўная мэта гэтай асамблеі заключаецца ў вызначэнні новых шляхоў для евангелізацыі гэтай часткі Божага Народу, асабліва карэннага насельніцтва, часта забытага і пазбаўленага надзеі на спакойную будучыню, у тым ліку па прычыне крызісу амазонскіх лясоў, “лёгкіх”, якія маюць надзвычайную важнасць для нашай планеты», — сказаў Папа.
Пантыфік даручыў заступніцтва за гэту касцёльную падзею кананізаваным ім 15 кастрычніка святым, «каб з павагай да прыгажосці стварэння, усе народы зямлі праслаўлялі Бога, Пана Сусвету, і будучы асветленымі Ім, крочылі шляхамі справядлівасці і міру».
Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў, прысвечаная рэгіёну Пан-Амазонія пройдзе ў Ватыкане ўпершыню. Папярэднія Спецыяльныя Асамблеі былі прысвечаны Нідэрландам (1980 г.), Еўропе (1991 г. і 1999 г.), Афрыцы (1994 г. і 2009 г.), Лівану (1995 г.), Амерыцы (1997 г.), Азіі (1998 г.), Акіяніі (1998 г.) і Блізкаму Усходу (2010 г.).