Пошук

22.09.2017 09:09   sib-catholic.ru / Catholic.by

21 верасня Святы Айцец сустрэўся з Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх, генеральная асамблея якой праходзіла ў Ватыкане.

Папа Францішак адзначыў, што Касцёл, на жаль, позна звярнуў увагу на праблему педафіліі сярод святароў. «А калі позна заўважаеш, то і позна прадпрымаеш дзеянні, каб вырашыць праблему. Я гэта ведаю і таму кажу: мы спазніліся», — падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што педафілія з’яўляецца вялікім грахом і ганьбай, а таксама «больна ўдарае па ўсяму чалавецтву».

Пантыфік, звяртаючыся да членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, таксама сказаў: «Я ведаю, што вам было няпроста распачаць працу, таму што вы павінны былі плыць супраць плыні. (...) Нас перапаўняе пачуццё сораму за гэтыя злоўжыванні святароў, якія павінны быць больш за іншых годныя даверу».

«Той, каго прызналі вінаватым у чымсьці і ён пакараны за гэта, можа звярнуцца да Папы за памілаваннем, але я ніколі не дараваў і не дарую надалей памілавання святарам, вінаватым у педафіліі», — сказаў Папа.

Папа нагадаў пра свой дакумент Come una madre amorevole, які вызначае працэдуру адстаўкі біскупа, які праявіў нядбайнасць, між іншым, адносна выпадкаў педафіліі. Пантыфік падтрымаў ідэю Дзён малітвы за ахвяраў злоўжыванняў, якія арганізоўваюцца некаторымі дыяцэзіямі, а таксама ўхваліў актыўную дапамагу членаў камісіі ў прафілактычнай фармацыі духавенства ў лакальных Касцёлах.

Святому Айцу былі прадстаўлены прапановы працоўнай групы адносна барацьбы са злоўжываннямі. Сярод прапановаў — стварэнне міжнароднай кансультатыўнай камісіі, а таксама павелічэнне намаганняў у галіне адукацыі, у тым ліку з выкарыстаннем новых тэхналогій, чым зоймецца Канферэнцыя па пытаннях абароны дзяцей у лічбавым свеце, якая пройдзе 3–6 кастрычніка ў Рыме.

Створаную ў 2014 годзе камісію ўзначальвае кардынал Шон О’Мэлі, яе сакратаром з’яўляецца а. Роберт Олівер — абодва з ЗША. Сярод членаў-сузаснавальнікаў ватыканскага дэпартамента — нямецкі святар Ханс Цолнер SJ, прарэктар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме і дырэктар Цэнтра па абароне непаўналетніх.

Абноўлена 22.09.2017 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця