#Synod2018 — хэштэг прапанаваны Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця для абазначэння інфармацыі і каментароў на тэму наступнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў 2018 г.
Суарганізатары таксама стварылі адмысловыя профілі ў сацыяльных сетках, прысвечаныя форуму.
«Далучайся да дыскусіі на тэму моладзі», — запрашае ватыканская Дыкастэрыя. Той жа заклік змешчаны ў Фэйсбуку, Твітары і Інстаграме, што, на думку арганізатараў, павінна мабілізаваць да абмену інфармацыяй і абмеркавання ў сувязі з Сінодам Біскупаў з усяго свету.
«Моладзь, вера і распазнанне паклікання», — так гучыць вызначаная Святым Айцом тэма XV Генеральнай Асамблеі. Яна будзе праходзіць у кастрычніку 2018 г.
Праца па правядзенні Сіноду ў цяперашні час засноўваецца на так званым падрыхтоўчым дакуменце, прадстаўленым у студзені і разасланым усім біскупскім канферэнцыям. Дакумент завяршае анкета, якая ўлічвае адметнасці душпастырскай сітуацыі на асобных кантынентах. Дапаўненнем стаў ліст папы Францішка да моладзі з нагоды прэзентацыі падрыхтоўчага дакумента.
«Моладзь, вера і распазнанне паклікання» з’яўляецца працягам тэмы дзвюх папярэдніх сесій Сіноду, якія адбыліся ў 2014 і 2015 гадах і былі прысвечаны сям’і.