Пошук

21.08.2017 09:20   Мікола Гракаў / Catholic.by

«Любоў падштурхоўвае веру, а вера, у сваю чаргу, становіцца ўзнагародаю за любоў», — адзначыў папа Францішак 20 жніўня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра.

«Сённяшняе Евангелле паказвае нам выключны прыклад веры ў сустрэчы Езуса з жанчынай з Ханаана, якая для габрэяў была чужаніцай, — нагадаў Пантыфік. — Здаецца, што Пан Езус напачатку не чуе гэтага крыку болю, аж пакуль не ўмешваюцца вучні, якія заступаюцца за жанчыну. Відавочная няўвага Езуса не бянтэжыць гэтую маці, якая настойвае на сваёй просьбе».

Унутраную сілу гэтай жанчыны, як падкрэсліў Святы Айцец, «трэба шукаць у яе матчынай любові і ў веры ў тое, што Езус можа выслухаць яе просьбу».

«Гэта прымушае мяне задумацца пра сілу жанчын. Сваёю моцаю яны здольныя дасягнуць вялікіх рэчаў, — працягваў Пантыфік. — Можна сказаць, што любоў падштурхоўвае веру, а вера, у сваю чаргу, становіцца ўзнагародаю за любоў».

Перад абліччам такой настойлівасці, як падкрэсліў папа Францішак, «Езус прыходзіць у захапленне, Ён уражаны верай жанчыны-язычніцы» і аздараўляе яе дачку.

«Гэтую пакорную жанчыну Езус паказвае як прыклад нязломнай веры. Яе настойлівасць, з якой яна просіць Езуса штосьці зрабіць, заахвочвае нас не бянтэжыцца, не траціць надзеі, сутыкнуўшыся з цяжкімі жыццёвымі выпрабаваннямі, — дадаў Пантыфік. — Мы павінны працягваць крычаць, як тая жанчына, (…) настойліва і адважна. Гэта тая адвага, якая патрэбна нам у малітве».

На заканчэнне Святы Айцец заахвоціў узрастаць у веры і ўмацоўваць давер да Езуса падмацоўваць веру ўважлівым слуханнем Божага слова, удзелам у сакрамэнтах і асабістай малітвай, што нібы скіраваны да Яго «крык»: «Пане, дапамажы мне!».

«Даверымся Святому Духу, каб Ён дапамог нам вытрываць у веры. Дух напаўняе адвагаю сэрцы вернікаў, — сцвердзіў Святы Айцец. — Няхай Панна Марыя дапаможа нам усё больш усведамляць нашую патрэбу ў Пану Богу і ў Ягоным Духу».

Абноўлена 21.08.2017 09:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця